У Грузіі апазыцыянэра Ніканора Мэлію вызвалілі пад заклад

Ніканор Мэлія выходзіць з турмы, 10 траўня 2021

У Тбілісі гарадзкі суд 10 траўня зьмяніў меру стрыманьня лідэру «Адзінага нацыянальнага руху» Ніканору Мэліі з арышту на грашовы заклад. Эўразьвяз назваў гэтае рашэньне «важным крокам» для пераадоленьня палітычнага крызісу ў Грузіі.

Мэлія знаходзіўся за кратамі з 23 лютага празь нявыплату закладу ў справе аб пратэстах у чэрвені 2019 году. Пагадненьне аб яго вызваленьні было заключана пад эгідай старшыні Эўрапейскай рады Шарля Мішэля.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзярждэпартамэнт ЗША: арышт лідэра грузінскай апазыцыі супярэчыць эўраатлянтычным памкненьням Тбілісі

У ноч з 20 на 21 чэрвеня 2019 года грузінская апазыцыя пратэставала супраць запрашэньня ў парлямэнт дэлегацыі расейскіх дэпутатаў на пасяджэньне Міжпарлямэнцкай асамблеі праваслаўя. Старшыня асамблеі, дэпутат расейскай Дзярждумы ад КПРФ Сяргей Гаўрылаў вырашыў тады пасядзець у крэсьле сьпікера грузінскага парлямэнта.

Лідэр апазыцыйнай партыі «Адзіны нацыянальны рух» Ніканор Мэлія абвінавачваецца ў датычнасьці да арганізацыі актаў групавога гвалту і ўдзеле ў іх. Апазыцыянэру пагражае турэмнае зьняволеньне на тэрмін да дзевяці гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Грузіі арыштавалі кіраўніка партыі Саакашвілі