Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзярждэпартамэнт ЗША: арышт лідэра грузінскай апазыцыі супярэчыць эўраатлянтычным памкненьням Тбілісі


Акцыя пратэсту прыхільнікаў арыштаванага лідэра грузінскай апазыцыі Ніканора Мэліі
Акцыя пратэсту прыхільнікаў арыштаванага лідэра грузінскай апазыцыі Ніканора Мэліі

Дзярждэпартамэнт выказаў занепакоенасьць арыштам лідэра апазыцыйнай грузінскай партыі «Адзіны нацыянальны рух» Ніканора Мэліі.

Напярэдадні ў Тбілісі быў арыштаваны лідэр апазыцыйнай партыі «Адзіны нацыянальны рух» Ніканор Мэлія. У сутыкненьнях паміж паліцыяй і прыхільнікамі Мэліі падчас яго затрыманьня пацярпелі 17 чалавек, больш за 20 былі затрыманыя за непадпарадкаваньне ўладам.

Мэлію затрымалі паводле абвінавачаньня ў арганізацыі і кіраўніцтве групавым гвалтам, а таксама ўдзеле ў ім — па справе аб беспарадках 20 чэрвеня 2019 году, таксама вядомых як «ноч Гаўрылава».

«ЗША глыбока занепакоеныя арыштам лідэра апазыцыі Мэліі і іншых прадстаўнікоў апазыцыі ў Грузіі», — сказаў кіраўнік прэсавай службы Дзярждэпартамэнту ЗША Нэд Прайс.

Ён дадаў, што Вашынгтон заклікае ўсе бакі «праявіць стрыманасьць і пазьбягаць якіх-небудзь дзеяньняў або рыторыкі, якія маглі б прывесьці да эскаляцыі напружанасьці або гвалту».

«Мы заклікаем улады Грузіі дзейнічаць у адпаведнасьці зь іх эўраатлянтычнымі памкненьнямі і пацьвярджаць сваю прыхільнасьць да прынцыпаў дэмакратыі, свабоды асобы і вяршэнства закону, гарантуючы, што судовая сыстэма вольная ад палітычнай ангажаванасьці», — адзначыў Прайс.

«Тое, што мы бачылі ў апошнія дні, супярэчыць эўраатлянтычным чаканьням Грузіі», — рэзюмаваў Прайс.

Прэм’ер-міністар Грузіі Іраклі Гарыбашвілі заклікаў усе палітычныя сілы да дыялёгу пра будучыню краіны.

«Сёньня, калі выкананы закон і дзяржава апынулася на вышыні, я хачу заклікаць усе палітычныя сілы, якім дарагая наша краіна, да адкрыцьця рэальнага дыялёгу. Давайце гаварыць не пра тое, што нас падзяляе, а пра тое, што нас абʼядноўвае», — гаворыцца ў звароце, распаўсюджаным прэсавай службай ураду.

Гарыбашвілі заклікаў апазыцыйныя сілы выкарыстоўваць парлямэнт у якасьці галоўнай пляцоўкі для абмеркаваньня. Адначасова прэмʼер дадаў, што кіроўная партыя «Грузінская мара» гатовая да сапраўднага дыялёгу «ў любы час і ў любым фармаце».

Учора пасьля арышту Мэліі сотні прыхільнікаў апазыцыі зладзілі акцыю пратэсту ля будынку парлямэнту, паставіўшы намёты.

26 лютага ў Тбілісі пройдзе вялікае шэсьце апазыцыі з патрабаваньнем вызваліць Ніканора Мэлію.

Сам Мэлія і яго паплечнікі называюць перасьлед палітычна матываваным. Заснавальнік партыі «Адзіны нацыянальны рух», экс-прэзыдэнт Грузіі Міхэіл Саакашвілі зьвярнуўся да грузінскага народу з заклікам выйсьці на вуліцы, каб «абараніць ня толькі Ніканора Мэлію, але і сваю свабоду і свабоду краіны».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG