Рух на праспэкце Руставэлі быў прыпынены. Паліцыя не перашкаджае правядзеньню акцыі.
Лідэры апазыцыйных партый і іх прыхільнікі перамясьціліся ад будынку адміністрацыі ўраду Грузіі на праспэкт Руставэлі. Яны ўсталявалі два вялікія намёты перад будынкам парлямэнта. Прадстаўнікі апазыцыі кажуць, што акцыі пратэсту ў цэнтры Тбілісі будуць пэрманэнтнымі.
Раніцай 23 лютага супрацоўнікі паліцыі ўзялі штурмам пакой, у якім знаходзіўся Ніка Мэлія. Паліцыя выкарыстала спэцсродкі, у тым ліку газ. Мэлія затрымалі.
Старшыню «Адзінага нацыянальнага руху» Ніку Мэлія абвінавачваюць у арганізацыі і кіраўніцтве групавым гвалтам, а таксама ўдзеле ў ім — па справе аб беспарадках 20 чэрвеня 2019 года. Раней лідэр найбуйнейшай апазыцыйнай партыі краіны адмовіўся выплаціць заклад, абраны яму судом у якасьці меры стрыманьня, а парлямэнт зьняў зь яго дэпутацкую недатыкальнасьць. Пазьней Тбіліскі гарадзкі суд зьмяніў меру стрыманьня з закладу на арышт.
18 лютага Георгій Гахара падаў у адстаўку з пасады прэм’ер-міністра. Ён распавёў пра рознагалосьсі з кіруючай камандай адносна выкананьня рашэньня суда ў дачыненьні да Нікі Мэлія.
У панядзелак увечары парлямэнт зацьвердзіў на пасаду прэм’ера Іраклія Гарыбашвілі. Ён назваў Ніку Мэлія «крыміналам» і анансаваў выкананьне рашэньня суду ў дачыненьні да яго.
26 лютага ў Тбілісі плянуецца вялікае шэсьце апазыцыі з патрабаваньнем вызваліць Ніку Мэлія.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com