На відэа і фотаздымках, якія прыслаў чытач Свабоды, відаць, як салдаты вэрмахту і мужчыны ў цывільным гвалтам вядуць мірных жыхароў, потым выбягаюць дзяўчаты з кавалкамі чырвонай тканіны, імітуюць агонь, у якім спалілі людзей.
22 траўня 1943 году акупанты спалілі вёску Шунеўка разам з 66 жыхарамі, у тым ліку 15 дзецьмі, якім не было яшчэ 6 гадоў. У 1979 годзе на месцы вёскі адкрылі мэмарыяльны комплекс «Праклён фашызму».
Шунеўка — адна з 186 спаленых фашыстамі разам з жыхарамі вёсак, якія не адрадзіліся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генпракурор Беларусі завёў крымінальную справу «па факце генацыду насельніцтва Беларусі» ў гады вайны, якая скончылася 75 гадоў таму
9 красавіка Генэральная пракуратура распачала крымінальную справу па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасьляваенны пэрыяд.
«У мэтах сацыяльнай і гістарычнай справядлівасьці, ліквідацыі белых плям гісторыі, умацаваньня канстытуцыйнага ладу і нацыянальнай бясьпекі мною заведзена крымінальная справа па факце генацыду насельніцтва Беларусі», — паведаміў Андрэй Швед.
Ён паведаміў, што будуць складацца сьпісы злачынцаў, памерлых і якія цяпер жывуць, і будуць зьбіраць матэрыялы з просьбай аб правядзеньні працэсуальных дзеяньняў у дачыненьні да гэтых асоб на тэрыторыі тых дзяржаў, дзе яны пражываюць, і ставіць пытаньне аб іх выдачы для адкрытага суду на тэрыторыі Беларусі.