У Эўропе пачаліся буйныя вучэньні NATO

Цырымонія пачатку вучэньняў Defender Europe

Афіцыйная цырымонія пачатку сёлетніх вучэньняў NATO Defender Europe (Абаронца Эўропы) адбылася ў Альбаніі, у порце Дурэс

Пра гэта паведамляе «Укрінформ».

У цырымоніі ўзялі ўдзел прэзыдэнт Альбаніі Ілір Мэта, прэм’ер-міністар Эдзі Рама, амэрыканскія генэралы Тод Уолтэрс (галоўнакамандуючы сіламі NATO у Эўропе) і Джэфры Харыгян (камандуючы ВПС ЗША ў Эўропе і ў Афрыцы).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Больш не нэўтральная». Ва Ўкраіне перагледзелі ўмовы бясьпекі на мяжы зь Беларусьсю

У вучэньнях будуць удзельнічаць звыш 28 тысяч вайскоўцаў, яны пройдуць на тэрыторыі 16 краінаў, у Альбаніі, на Бальканах, у краінах Балтыі, на Чорным моры і ў Афрыцы.

Вучэньні працягнуцца да чэрвеня, яны маюць на мэце ўзмацненьне вайсковага супрацоўніцтва і фармаваньне стратэгічнай і апэратыўнай гатоўнасьці і ўзаемадзеяньня паміж узброенымі сіламі ЗША, NATO і партнэрамі Альянсу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Савет бясьпекі: «Вучэньні каля межаў Беларусі ідуць літаральна круглыя суткі»

Як паведамляе DW, сёньня ў межах вучэньняў Defender Europe у Эстоніі на аэрадроме Нурмсі адбудзецца высадка некалькіх сотняў амэрыканскіх дэсантнікаў зь цяжкой тэхнікай.

Заўтра на тым жа аэрадроме будзе адпрацаваная высадка 82-й паветрана-дэсантнай дывізіі ЗША. Адпрацоўка высадкі дэсантаў, акрамя Эстоніі, пройдзе таксама ў Баўгарыі і Румыніі.