Паводле Tut.by, Міколу Дзядка абвінавачваюць па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу:
- ч. 1 арт. 295-3 (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да прадметаў, паражальная дзейнасьць якіх грунтуецца на выкарыстаньні гаручых рэчываў)
- ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак)
- ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы пры дапамозе сеткі інтэрнэт).
«Пракуратура вывучае абвінаваўчае заключэньне і затым вырашае, ці дастаткова падставаў для накіраваньня справы ў суд, — патлумачыў бацька вязьня Аляксандар Дзядок. — Дарэчы, адвакат выявіў дзіўную рэч. У працэсе арышту ў сына канфіскоўвалі рэчы, у тым ліку славутыя бутэлькі „з гаруча-змазачнымі матэрыяламі“. Але ў пратаколе ператрусу адсутнічае частка таго, што забралі: фотаапарат Canon, штатыў да яго, ліхтарыкі, 1000 рублёў. Гэта будзе напісана ў адпаведных хадайніцтвах».
У Міколы Дзядка застаюцца нявырашанымі праблемы са здароўем: частыя галаўныя болі і праблемы са страўнікам. Ён прасіў абсьледаваць яго і правесьці фібрагастраскапію, аднак усе скаргі ігнаруюцца. Акрамя таго, ён практычна не атрымлівае лістоў, а родным карэспандэнцыя ад яго прыходзіць зь перабоямі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьня Міколу Дзядка зьмясьцілі ў карцар за выгук «Жыве Беларусь!»«Я апошні ліст ад яго атрымаў, які быў датаваны 6 красавіка. Мікалай не атрымаў ніводнага ліста ад сястры, адзін ёй вярнуўся, астатнія наогул зьніклі. Яго дэ-факта пазбавілі права атрымліваць і адпраўляць лісты. Ён быў на прыёме ў пракурора па наглядзе, які прыяжджаў у СІЗА, гэта было больш за 10 дзён таму. Той абяцаў разабрацца і прыняць меры, але ніякіх зьменаў так і не адбылося», — кажа Дзядок-старэйшы.
Сам ён спрабаваў трапіць на прыём да начальніка СІЗА № 1 у прыёмны дзень 3 траўня, аднак яму адмовілі, не патлумачыўшы прычыну.
Мікола Дзядок не прызнае віны па ніводным з названых артыкулаў. Паводле бацькі, ацэньвае гэта як перасьлед за погляды, перакананьні і жаданьне гаварыць праўду.