У Расею не пусьцілі самую вялікую партыю санкцыйных тавараў зь Беларусі: грушы, яблыкі і памэла

Дзяржаўная мяжа Беларусі і Расеі.

Больш за 172 тоны забароненай у Расеі прадукцыі затрымалі мытнікі на мяжы ў Бранскай вобласьці.

Згодна зь інфармацыяй Фэдэральнай мытнай службы Расеі ў васьмі фурах выявілі больш за 172 тоны груш, памэла і яблыкаў.

Пры праверцы кіроўцы не прад’явілі ўсіх неабходных для перавозкі дакумэнтаў.

«Этыкеткі на скрынях паказвалі на паходжаньне садавіны з краін, уключаных у санкцыйны сьпіс. Супрацоўнікамі Бранскай мытні завялі сем спраў паводле арт. 16.3 КаАП РФ (невыкананьне забарон і абмежаваньняў пры ўвозе тавараў)», — паведамілі ў ФМС.

Раней расейская служба вэтэрынарнага і фітасанітарнага нагляду заяўляла, што практычна ўся санкцыйная прадукцыя нелегальна трапляла ў Расею з тэрыторыі Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьледзтва: магілёўскія мытнікі прапускалі ў Расею санкцыйныя тавары за хабар

З моманту ўвядзеньня санкцый у Расею рэзка вырас экспарт зь Беларусі мідыяў, крэвэтак, ківі і іншай харчовай прадукцыі, якая тут традыцыйна не выраблялася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спынілі легальны транзыт садавіны і гародніны празь Беларусь у Расею