У Літве заявілі пра бум нелегальных мігрантаў зь Беларусі і «вялую» працу памежнікаў

Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Сёлета мяжу зь Беларусі ў Літву па-за пунктамі пропуску перайшлі 90 чалавек, зь іх 59 іракцаў і 21 беларус, паведаміла Delfi.

Прычым летась не было ніводнага выпадку нелегальнага перасячэньня мяжы іракцамі.

Беларусы ж выбіраюць незаконны шлях прыбыцьця ў Літву, каб уратавацца ад палітычнага перасьледу, атрымаць прыстанішча і гуманітарную дапамогу. У першым квартале такіх выпадкаў не было, адзначылі літоўскія памежнікі.

Прадстаўнік службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Гедрус Мішуціс заявіў, што беларускія памежнікі сталі працаваць «вяла».

Паводле яго, бываюць выпадкі, калі літоўскія памежнікі фіксуюць парушэньні і затрымліваюць парушальнікаў, а беларускія адказныя асобы адмаўляюцца сустракацца.

«Пасьля атрыманьня адмовы літоўскі бок падае доказы незаконнага перасячэньня мяжы ў пісьмовай форме, якія ведамствы суседняй краіны не прызнаюць і патрабуюць дадатковых доказаў. Пасьля перадачы дадатковых доказаў і нават пасьля звароту да галоўнага ўпаўнаважанага па дзяржаўнай мяжы факты перасячэньня мяжы або не прызнаюць, або няма рэакцыі на іх», — заявіў Мушуціс.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер-міністры Польшчы і Літвы заявілі аб падтрымцы Беларусі ў барацьбе за дэмакратыю і свабоду
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ГУБАЗіК хацеў зрабіць зь мяне „пацука“». Гісторыя жыхара Ліды, які ўцёк ад перасьледу зь Беларусі