Да былога сьледчага Юшкевіча ў СІЗА КДБ не пускаюць адваката

Марыя Колесава-Гудзіліна, адвакатка Яўгена Юшкевіча.

Па месцы жыхарства Юшкевіча двойчы за чатыры дні пасьля яго затрыманьня прайшлі ператрусы.

Да затрыманага 19 красавіка былога сьледчага Сьледчага камітэту Яўгена Юшкевіча дагэтуль не пускаюць адваката, піша Tut.by.

Дзяўчына Яўгена Валерыя Эйсмант паведаміла, што адвакат Марыя Колесава-Гудзіліна ня можа трапіць да свайго падабароннага з самага моманту яго затрыманьня. Паводле яе, раней супрацоўнікі ў бюро пропускаў СІЗА КДБ паведамілі, што дазволу ад сьледчага на візыт адваката да гэтага часу няма.

Па месцы жыхарства Юшкевіча за гэтыя дні двойчы прайшлі ператрусы. Сваякам паказалі пастанову на вобшук, дзе пазначаны артыкул 289 Крымінальнага кодэксу (Акт тэрарызму).

Гэта ўжо другое затрыманьне Юшкевіча. Першы раз яго затрымалі 24 лістапада, каля 22:00 у кватэры ў Менску, дзе таксама прайшоў ператрус. Тады яму заявілі, што ён зьяўляецца падазраваным паводле ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Пасьля правядзеньня сьледчых дзеяньняў яму зьмянілі меру стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра сьледчага Юшкевіча, якога затрымалі ў справе аб тэрарызьме
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Максім Кац: «Лукашэнка адыгрывае ролю акупацыйнай адміністрацыі, людзі для яго — пагроза»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жонка Зянковіча: Да Юрася пусьцілі адваката, але я яму ня веру