У Чэхіі прайшлі рэйды паліцыі супраць узброеных прыхільнікаў данбаскіх сэпаратыстаў

У Чэхіі паліцыя правяла рэйды супраць удзельнікаў ваенізаванай арганізацыі, якіх падазраюць у паездках на баявыя дзеяньні на ўсходзе Ўкраіны.

Мяркуецца, што яны маглі ўдзельнічаць у канфлікце на баку прарасейскіх сэпаратыстаў і каардынавацца расейскай вайсковай выведкай. У затрыманьні ўзялі ўдзел сотні супрацоўнікаў паліцыі.

Аб рэйдах паведамілі партал Aktuálně.cz і Чэскае радыё. Паводле дадзеных рэдакцый, затрыманыя ня менш за пяць чалавек. Паліцыя падазрае іх у падтрымцы баявых дзеяньняў у Данбасе. Абвінавачаньні затрыманым яшчэ ня выстаўленыя, але расьсьледаваньне вядзецца паводле артыкулаў аб тэрарызьме, паведаміў пракурор Вярхоўнай дзяржаўнай пракуратуры Марцін Білы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чэхія папрасіла саюзьнікаў па ЭЗ і NATO падтрымаць яе ў канфлікце з Расеяй

Паводле дадзеных Чэскага радыё, расьсьледаваньне засяроджанае на ваенізаванай арганізацыі, якая ўжо згадвалася ў справаздачы МУС аб экстрэмізьме ў Чэхіі. Паліцыя выявіла, што адзін з удзельнікаў фармаваньня выяжджаў на Данбас для ўзброенага ўдзелу ў баявых дзеяньнях на баку сэпаратыстаў. Пасьля яго вяртаньня з Украіны арганізацыя пачала зьбіраць грошы, каб іншыя яе ўдзельнікі таксама маглі паехаць да сэпаратыстаў.

У сваіх публічных справаздачах за 2018 і 2019 год чэская контравыведка папярэджвала, што антызаходнія настроі, папулярныя сярод удзельнікаў чэскіх ваенізаваных фармаваньняў, робяць іх зручным аб’ектам для расейскай прапаганды і зьвязаных зь ёю тэорыяў змовы. Раней некалькіх жыхароў Чэхіі ўжо судзілі за ўдзел у вайне на баку сэпаратыстаў. «Апалчэнцы даўно выказваюць падтрымку Расеі, асабліва ў кантэксьце спрэчак з Украінай», — адзначаецца ў дакладзе МУС.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чэхія не чакала такой жорсткай рэакцыі Расеі на высылку дыпляматаў, таму разглядае новыя захады супраць РФ

З гэтай прычыны летась чэскі парлямэнт на прапанову МУС забараніў ваенізаваным арганізацыям ставіць сваімі задачамі палітычныя і ідэалягічныя мэты. Паводле дадзеных крыніц Чэскага радыё, спэцслужбы краіны падазраюць, што ўдзельнікаў такіх арганізацый маглі завэрбаваць супрацоўнікі ГРУ, што працавалі пад дыпляматычным прыкрыцьцём ў расейскай амбасадзе ў Празе.

Затрыманьні прыхільнікаў сэпаратыстаў прайшлі на фоне маштабнай высылкі з Чэхіі расейскіх дыпляматаў. Чэскія ўлады сьцьвярджаюць, што абвешчаныя пэрсонамі нон грата расейцы — супрацоўнікі вайсковай выведкі ГРУ і Службы зьнешняй выведкі, якія працавалі пад прыкрыцьцём дыпляматычных пашпартоў. Масква гэта адмаўляе.