МУС праводзіць у Менску вучэньні сілавікоў, у горадзе шмат тэхнікі

Сілавікі ў Менску, архіўнае фота

Раніцай 21 красавіка менчукі зьвярнулі ўвагу на вялікую колькасьць спэцтэхнікі і  сілавікоў у рыштунку са шчытамі у цэнтры гораду — пры тым, што ніякіх акцый не плянавалася. Таксама надзвычайная актыўнасьць заўважаная на подступах да сталіцы.

Міністэрства ўнутраных спраў патлумачыла, што гэта было.

«Сёньня на інтэрнэт-рэсурсах зьявілася інфармацыя аб канцэнтрацыі экіпаваных групаў сілавікоў у розных раёнах Менску і перамяшчэньні калёнаў спэцтэхнікі. Гэта штогадовыя плянавыя практычныя заняткі для адпрацоўкі дзеяньняў у розных умовах. Такія мерапрыемствы — частка навучальнага працэсу курсантаў Акадэміі МУС», — гаворыцца ў паведаменьні сілавога ведамства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Армія супраць народу. Размова з вайсковым экспэртам

Удакладняецца, што вучэньні праводзяцца ва ўзаемадзеяньні з ўнутранымі войскамі і іншымі падразьдзяленьнямі органаў унутраных спраў.

У мінулыя гады менчукі падобных манэўраў ня памятаюць. Аднак ад жніўня мінулага году сілавікі практычна не пакідалі гораду, разганяючы мірныя пратэсты супраць фальсыфікацыі выбараў і беспадстаўнага гвалту.