Як палітычных зьняволеных пазначаюць у калёніях: чырвоныя біркі і надпісы на фуфайцы

Папраўчая калёнія №3 ў Віцебску

Палітвязьняў, асуджаных пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, адпраўляюць адбываць пакараньне ў калёніі. Сваякі кажуць, што да іх там «асаблівае стаўленьне».

Партал Tut.by на ўмовах ананімнасьці пагаварыў зь людзьмі, чые блізкія ўжо адбываюць прызначаныя судамі тэрміны. Імёны не называюцца, каб не пагоршыць і без таго складаныя ўмовы.

«Усё было ў парадку, пакуль ён быў на карантыне, — расказаў бацька асуджанага. — А ўжо з атраду і лісты сталі прыходзіць радзей, і наогул шмат чаго ня можа расказаць. Ведаем, што ў яго як у „палітычнага“ на фуфайцы прозьвішча выбітае іншым колерам — каб і зьняволеныя, і супрацоўнікі калёніі бачылі, што „асаблівы“. Начальства выклікала, прэсавала, ідэалягічна апрацоўвала. Стан быў настолькі прыгнечаны, што мы асьцерагаліся, каб хоць ня ўзьнікла суіцыдальных думак».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цытаты праз краты. «Мы ўсе зможам свабодна дыхаць»

Сваячка яшчэ аднаго палітвязьня паведаміла, што амаль адразу па прыбыцьці ў калёнію ён атрымаў некалькі спагнаньняў за нязначныя парушэньні.

«Яго паставілі на прафіляктычны ўлік як асобу, „схільную да экстрэмізму“, — кажа суразмоўніца. — І на адзеньне павесілі бірку чырвонага колеру».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Выйшаў з калёніі пераможцам з усьмешкай на твары». Міхаіл Жамчужны — пра 3 гады ў адзіночцы, 520 дзён у карцары

Паводле юрыста Паўла Сапелкі, палітвязьні ў Беларусі і раней сутыкаліся з такім падыходам. Так, у 2016 годзе Міхаілу Жамчужнаму як «асобе, схільнай да экстрэмізму», выдалі бірку з чырвоным абадком. Такія вязьні павінны праходзіць па дзьве дадатковыя праверкі ў дзень, акрамя дзьвюх асноўных.

Некаторых палітвязьняў ставяць на прафіляктычны ўлік яшчэ да таго, як абвінаваўчы прысуд уступае ў сілу. Так адбылося з мэдыямэнэджарам Андрэем Аляксандравым, актывістам Міколам Дзядком, журналістамі Дар’яй Чульцовой і Кацярынай Андрэевай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прафіляктычны ўлік і каляровая бірка. Што чакае ў калёніі асуджаных за пратэсты

Раней практыка вылучаць колерам ужывалася і ў адносінах да асуджаных па «наркатычным» 328-м артыкуле: людзей прымушалі хадзіць у вопратцы зь зялёнымі нашыўкамі. Пасьля скаргі родных у ААН біркі замянілі на белыя, як у астатніх зьняволеных.