Суды і выракі 19 красавіка: тры прысуды за абразу Лукашэнкі за адзін дзень, да 4 гадоў турмы

Адна з акцыяў пратэсту ў Бялынічах у 2020 годзе.

У Беларусі працягваецца судовы перасьлед праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі. Свабода сочыць за ператрусамі, арыштамі і выракамі ў крымінальных справах. Абнаўляецца.

4 гады калёніі за пудзілы з фота чыноўнікаў

19 красавіка суд Менскага раёну асудзіў палітвязьня Віктара Лосіка да 2 гадоў калёніі паводле ч.1 арт. 339 Крымінальнага кодэксу, да 4 гадоў калёніі — па ч. 2 арт. 339 КК і да 1 месяца арышту — па арт. 341 КК. Праз паглынаньне больш мяккага пакараньня больш строгім Лосік асуджаны да 4 гадоў калёніі агульнага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у тым, што павесіў на мосьце пудзілы з фатаздымкамі міністра ўнутраных спраў і старшыні выбарчай камісіі Хацежынскага ўчастку для галасаваньня з надпісам «Не забудем, не простим!», а таксама ў нанясеньні выяваў з гербам «Пагоня» на збудаваньнях і апорах маста. Фатаздымкі пудзілаў зьявіліся ў чаце «Хацежына для жыцьця».

Пацярпелыя — старшыня ўчастковай выбарчай камісіі ў Хацежына Радзько і яе намесьніца Красоўская заявілі пазоў на выплату маральнай шкоды — па 3000 рублёў кожнай. Судзьдзя задаволіла пазоў, а таксама абавязала спагнаць з Лосіка дзяржаўную пошліну — 174 рубля і судовыя выдаткі — 492 рублі 44 капейкі.

Віктар Лосік прызнаў віну па арт. 339 («Хуліганства»), але не прызнаў віну ў апаганьваньні збудаваньняў і псаваньні маёмасьці (арт. 341 КК). Ён прынёс прабачэньні пацярпелым і ў апошнім слове сказаў, што яму сорамна за свой учынак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракуратура: пасьля выбараў 9 жніўня супраць беларусаў завялі звыш 3 тысяч крымінальных спраў за пратэсты

Да 3,5 года калёніі ў «лялечнай справе»

19 красавіка судзьдзя Круглянскага раённага суду Зьміцер Сасноўскі вынес прысуды ў справе магілёўскіх «лялечнікаў». Вольга Клімкова атрымала 3,5 года, Сяргей Скок — 3,5 года, Максім Сяргеенка — 3 гады зьняволеньня, піша тэлеграм-канал Mayday.

Вольга Клімкова і Сяргей Скок

Усе асуджаныя будуць адбываць пакараньне ў калёніі агульнага рэжыму. Скок і Клімкова знаходзіліся пад вартай зь лістападу, а Сяргеенку ўзялі пад варту ў залі суду пасьля абвяшчэньня выраку — да гэтага ён знаходзіўся пад падпіскай аб нявыезьдзе.

Максім Сяргеенка

У лістападзе каля 8 чалавек затрымалі па падазрэньні ў вывешваньні «лялек» розных чыноўнікаў. Усе затрыманыя знаходзіліся ў тэлеграм-чаце «Адраджэньне». Паводле паведамленьня МУС, магілёўцы «вырабілі шэсьць роставых лялек з цынічнымі надпісамі і малюнкамі вышэйшых службовых асоб, разьмясьцілі іх на пуцеправодах паблізу вёсак Вільчыцы і Любуж, сфатаграфавалі і распаўсюдзілі здымкі ў сеткі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Магілёўшчыне суд за абразу Лукашэнкі зрабілі закрытым. За лялькі на мастах вінавацяць жанчыну і двух мужчын

На лаве падсудных у выніку апынуліся трое: Скок, Клімкова і Сяргеенка. Усіх трох прызналі вінаватымі ў зьдзяйсьненьні злоснага хуліганства (ч.2 арт.339 КК РБ) і зьнявазе Лукашэнкі (ч. 2 арт. 368 КК РБ).

Пры гэтым пракурор Арцём Налівайка патрабаваў кожнаму даць па 5 гадоў калёніі, але судзьдзя Сасноўскі прапанаваныя тэрміны зьменшыў.

Працэс праходзіў у закрытым рэжыме, паколькі «некаторыя сьведкі па гэтай крымінальнай справе знаходзяцца пад крымінальным перасьледам ужо паводле іншага эпізоду».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пра прэзыдэнта і гаворкі не вялося», — жыхарка Берасьця, якой пагражаюць 3 гады «хіміі» за падвешваньне пудзіла

1,5 года «хіміі» за абразу Карпянкова

42-гадовага жыхара Віцебску асудзілі на 1,5 года абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу за публічную абразу прадстаўніка ўлады. Паводле сьледзтва, 16 студзеня 2021 году мужчына са сваёй старонцы «УКантакце» пакінуў «абразьлівы камэнтар» да публікацыі, прысьвечанай намесьніку міністра ўнутраных справаў, экс-кіраўніку ГУБАЗіКу Мікалаю Карпянкову.

2 гады «хатняй хіміі» за абразу Лукашэнкі

Пракуратура Стаўбцоўскага раёну падтрымала ў судзе дзяржаўнае абвінавачаньне ў крымінальнай справе ў дачыненьні 30-гадовай мясцовай жыхаркі за публічную абразу Лукашэнкі (ч.1 арт.368 КК).

15 лістапада 2020 году з мабільнага тэлефону, зайшоўшы на старонку былой калегі ў сацыяльнай сетцы «Ўкантакце», пад запісам у адной з суполак жанчына разьмясьціла камэнтар, які «супярэчыў агульначалавечай маралі і ўсталяваным правілам зносін паміж людзьмі». У ім падсудная нібыта абразіла Лукашэнку «ў сувязі з выкананьнем ім сваіх паўнамоцтваў».

Жанчыну асудзілі на 2 гады «хатняй хіміі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усё рабіў так, як напісана ў Выбарчым кодэксе». Размова са звольненым дырэктарам школы, дзе на ўчастку перамагла Ціханоўская

Год «хіміі» за «зьнявагу і дыскрэдытацыю» Лукашэнкі

На жыхара Бялыніцкага раёну, імя якога не называецца, сілавікі завялі крымінальную справу за тое, што ён публічна абразіў Лукашэнку, пакінуўшы на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «ЎКантакце» «зьневажальны і дыскрэдытуючы допіс», піша 6tv.by.

Як паведаміла пракуратура Бялыніцкага раёну, на судзе мужчына растлумачыў, што да разьмяшчэньня допісу ён прачытаў артыкул пра Лукашэнку і камэнтары іншых карыстальнікаў у Telegram. Мужчына «паддаўся эмоцыям і пакінуў сваё абразьлівае меркаваньне», разьмясьціўшы каляж, створаны пры дапамозе фоташопу, на сьцяне старонкі «ЎКантакце».

Грамадзянін прызнаў, што сваімі дзеяньнямі публічна абразіў Лукашэнку, паведамілі прадстаўнікі пракуратуры на старонках дзяржаўнай раённай газэты «Зара над Друццю».

Мужчыну прысудзілі 1 год «хіміі». Тэлефон, зь якога ён разьмясьціў допіс, канфіскавалі ў даход дзяржавы.

Раней у Бялынічах затрымалі прадпрымальніка за абразу амапаўца. Пазьней яго адпусьцілі, аднак пачалі супраць яго крымінальную справу, неўзабаве адбудзецца суд.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пісалі, што адрэжуць галаву». Палітоляг Балкунец расказаў пра ад’езд з Расеі і «абразу Лукашэнкі»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Лукашэнка аддзячыў тым, хто ратаваў яго ў жніўні 2020-га