Майстар заявіў у інтэрвію газэце «Наша ніва» аб катаваньнях у ізалятары: «А 6-й пад’ём, у 6:10 прыносяць ежу, назавем гэта так, а 9-й вас трамбуюць у сьцяну тварам, б’юць, абражаюць».
«Майстра на гадзіну» Анатоля Старасьвецкага, не разабраўшыся, затрымалі з рэклямнымі ўлёткамі «Сантэхніка, укладка пліткі, электрычныя работы» 26 сакавіка ў менскім мікрараёне. Падумалі, што ён апазыцыянэр і расклейваў агіткі.
Потым знайшліся сьведкі, склалі пратакол, нібыта той бегаў па двары, крычаў «Жыве Беларусь». Суд адбыўся праз скайп. Мужчыну пакаралі на арыштам на 15 дзён. У ізалятары Анатоль захварэў і пасьля вызваленьня яшчэ тыдзень адлежваўся дома.
«Я ўвечары вяртаўся дадому, ішоў з інструмэнтам. З сабой былі яшчэ цукеркі і шампанскае — хацеў павіншаваць бабулю з днём народзінаў. Спынілі мяне за ліхтарык: там людзі сьвяцілі ў вокны, а мне якраз патэлефанавалі, тэлефон пачаў мільгаць — я і папаўся. Міліцыянты ўбачылі, што ў мяне нейкія ўлёткі ёсьць з сабой, падумалі, што я мала таго, што апазыцыянэр, дык яшчэ і агітацыю ляпіў. Пазванілі ў РУУС, там сказалі: „Цягніце яго сюды“. Калі ў аддзяленьні маёр убачыў мае ўлёткі, адчытаў міліцыянтаў: „Вы што, зусім? Каго вы мне прывезьлі?“»
На буклетах было напісана: «Сантэхніка, укладка пліткі, электрычныя работы». Але адпускаць Анатоля не зьбіраліся. Нават тое, што ў яго з сабой шрубавёрт і працоўныя дакумэнты, нікога не зьбянтэжыла. Далі артыкул 24.23. У пратаколе напісалі, што хлопец бегаў па двары, крычаў «Жыве Беларусь», сьвяціў ліхтарыкам у вокны і тым самым заклікаў людзей выйсьці на мітынг.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракуратура: пасьля выбараў 9 жніўня супраць беларусаў завялі звыш 3 тысяч крымінальных спраў за пратэстыСправу разглядала судзьдзя Ленінскага раёну Тацьцяна Шоцік. Паводле Анатоля, на судзе сьведчыў супрацоўнік міліцыі, які гаварыў няпраўду. Але судзьдзя пакарала на 15 сутак арышту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дачку фігурантаў «пінскай справы» зьмясьцілі ў дзіцячы прытулак. Яе маці напісала ў судзе: «Я павешуся»Арышт ён адбываў на у турме на Акрэсьціна ў Менску і ў Жодзіне. Найгорш было ў Жодзіне:
«Нам спэцыяльна адчынілі акно, было шалёна холадна. У душы гарачая вада адсутнічала, вада ў камэры таксама толькі халодная. І спаць на нарах было немагчыма, бо балюча (матрацаў не было ні на Акрэсьціна, ні ў Жодзіне), спалі на падлозе. І я бліжэй да канца тэрміну захварэў», — распавёў Анатоль.
Інструмэнты зь міліцыі ён яшчэ не забраў. Кажа, абскарджваць прысуд не будзе — ня бачыць сэнсу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхара Шчомысьліцы затрымалі за флюгер з «Пагоняй»