ЗША падтрымалі адказ Чэхіі на падрыўныя дзеяньні Расеі

Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Нэд Прайс

ЗША заявілі ў нядзелю, што падтрымліваюць Чэхію, пасьля таго, як яна выправадзіла 18 расейскіх дыпляматаў, і абвінаваціла Маскву ў датычнасьці да выбуху на складзе боепрыпасаў у Вэрбеціцах, інфармуе «Голас Амэрыкі».

«ЗША падтрымліваюць Чэскую Рэспубліку ў яе цьвёрдай рэакцыі на падрыўныя дзеяньні Расеі на чэскай зямлі, — заявіў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Нэд Прайс у твітэры. — Мы мусім дзейнічаць рашуча ў адказ на дзеяньні Расеі, якія ставяць пад пагрозу тэрытарыяльную цэласнасьць, энэргетычную бясьпеку ці крытычна важную інфраструктуру нашых саюзьнікаў і партнэраў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея высылае 20 чэскіх дыпляматаў

Чэская Рэспубліка абвясьціла ў суботу аб высылцы з краіны 18 расейскіх дыпляматаў, якія падазраюцца мясцовымі спэцслужбамі ў тым, што тыя зьяўляюцца сакрэтнымі агентамі Службы замежнай выведкі і Галоўнага ўпраўленьня Генэральнага штабу УС РФ (ГРУ).

Зьамежнапалітычнае ведамства РФ заявіла ў адказ, што высылка расейскіх дыпляматаў зьяўляецца, як выказаўся расейскі МЗС, працягам сэрыі антырасейскіх акцый, зробленых Чэскай Рэспублікай у апошнія гады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чэхія не дапусьціць «Росатом» да дабудовы АЭС пасьля абвінавачаньняў на адрас ГРУ

Масква заявіла аб высылцы з краіны 20 чэскіх дыпляматаў.

Прэм’ер-міністар Чэхіі Андрэй Бабіш і міністар замежных спраў Ян Гамачэк расказалі, што чэская выведка падазрае, што расейскія спэцслужбы датычныя да выбуху на вайсковым складзе ў Вэрбеціцах 16 кастрычніка 2014 году, у выніку якога загінулі два чалавекі.

Чэская паліцыя і Нацыянальны цэнтар барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю Службы крымінальнай паліцыі і расьсьледаваньняў пачалі вышук двух мужчын, якіх падазраюць у датычнасьці да цяжкіх злачынстваў на тэрыторыі краіны. Улады Чэхіі лічаць, што да злачынстваў датычныя тыя ж два чалавекі, якіх улады Вялікай Брытаніі абвінавацілі ў спробе атручваньня Сяргея Скрыпаля з дапамогай нэрвова-паралітычнага рэчыва «Навічок».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Расеі: заявы Прагі павінны былі «перакрыць» дадзеныя аб падрыхтоўцы перавароту ў Менску
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Чэхіі высылаюць 18 расейскіх дыпляматаў і падазраюць «Пятрова» і «Башырава» ў датычнасьці да выбухаў 2014 году