Урад Беларусі патлумачыў прычыны забароны на вываз пшаніцы, грэчкі, кукурузы: бракуе сваім жывёлам

Пшаніца, ілюстрацыйнае фота

Забарона на вываз зь Беларусі пшаніцы, грэчкі, кукурузы і іншых культур уведзеная дзеля забесьпячэньня жывёлагадоўлі кармамі на вясеньне-летні пэрыяд, паведамілі БелаПАН у прэс-службе Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня.

«Для стабільнага разьвіцьця галіны кармавая база павінна забясьпечваць паўнавартаснае кармленьне жывёл, падтрымліваць неабходную структуру рацыёну. Таму мэтазгодна наяўныя запасы зернефуражу накіраваць на патрэбы жывёлагадоўлі, што дазволіць павысіць прадукцыйнасьць і забясьпечыць запланаваныя аб’ёмы перапрацоўкі мяса-малочнай прадукцыі», — патлумачылі ў ведамстве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму ва ўсёй Эўропе грэчка зялёная, а ў Беларусі карычневая?

Пастановай Савету міністраў ад 14 красавіка № 221 уведзена забарона на вываз зь Беларусі пшаніцы, грэчкі, кукурузы, жыта, ячменю, аўса, проса, трыцікале ды іншых культур.

Абмежаваньне не распаўсюджваецца на выпадкі аказаньня міжнароднай гуманітарнай дапамогі на падставе рашэньня ўраду, а таксама ў якасьці харчоў у рамках транзытных перавозак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як пандэмія COVID-19 адаб’ецца на глябальных пастаўках прадуктаў харчаваньня? Вось што мы ведаем

У 2020 годзе дзейнічала забарона на вываз зь Беларусі грэчкі, часныку і цыбулі. Такі крок патлумачылі неабходнасьцю абароны ўнутранага спажывецкага рынку.