Затопленыя дарогі і паромы, зубры бягуць ад паводкі. Вялікая вада на Палесьсі. ФОТА і ВІДЭА

Рэпартаж Свабоды з аднаго з найбольш затопленых адрасоў сёлетняй вясны, Петрыкаўскага раёну.

Штогод увесну тысячы гектараў палескіх зямель апынаюцца пад вадой. Дзякуючы сучасным тэхналёгіям яе ўзровень можна спрагназаваць і тым самым пазьбегнуць катастрафічных наступстваў. Тым ня меней насельнікі зоны рызыкі заўсёды трымаюць напагатове «трывожны чамаданчык».

На Гомельшчыне вялікая вада накрыла Петрыкаўскі, Жыткавіцкі і ў меншай ступені некаторыя іншыя раёны. За многія пакаленьні месьцічы навучыліся суіснаваць з прыроднай стыхіяй і, з улікам памылак продкаў, ня селяцца ў поймах, а займаюць прыбярэжныя ўзвышшы. Нават значная паводка, як правіла, даходзіць да гаспадарскіх платоў і там спыняецца.

Зрэшты, разьлікі не заўсёды спраўджваюцца і лякальныя «моры Герадота» накрываюць часткі паселішчаў разам з жылымі і гаспадарчымі пабудовамі, агародамі і дарогамі, ляснымі масівамі і калгаснымі палеткамі. Тады даводзіцца задзейнічаць рэжым эвакуацыі.

Прыпяць заблякавала паромныя пераправы

З улікам суровага нораву Прыпяці апошнія 60 гадоў у Петрыкаве дзейнічае ратавальная служба. Акурат у часе прыезду быў аўрал: пасьля двух з паловай месяцаў пошуку вадалазы нарэшце знайшлі тапельца.

У канцы студзеня два зарэчныя мужыкі затаварыліся ў гарадзкой краме і нападпітку вярталіся ў сваю вёску. Лёд ня вытрымаў, не пасьпеў на дапамогу і дзяжурны паромнай станцыі — сам праваліўся, але яго ўратавала надзіманая камізэлька. За прамінулы час адну ахвяру цячэньнем аднесла больш як на 5 кілямэтраў, другога тапельца не знайшлі дагэтуль.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цуды Беларусі. Сем экзатычных месцаў, дзе можна адпачыць ад пандэміі. ФОТА

Некалькі вёсак, якія зімой праз спыненьне паромнай сувязі, а вясной ад паводкі апынаюцца ў блякадзе, дастаўляюць найбольш клопату, гаворыць вадалаз-ратавальнік з 35-гадовым стажам Віктар Палтаран.

Віктар Палтаран

«Вада тут са спрадвечных часоў стаіць. Людзі прыстасоўваліся, хадзілі туды-сюды на чаўнах і радаваліся жыцьцю. Потым у мэтах бясьпекі наклалі абмежаваньні, фактычна заблякавалі ў той зоне. Маладзейшыя пачалі з зарэчных вёсак зьяжджаць, бо камунікацыі, па сутнасьці, нулявыя. Засталіся старыя, якія паміраюць разам са сваімі хатамі. Звыкліся, успрымаюць як дадзенасьць. Да кепскага таксама прывыкаеш, думаеш, што так і трэба. А можа, і цешацца тым, што нікому няма да іх справы: папіваюць смачныя напоі, закусваюць сальцам ды жывуць адным днём», — расказвае ён, увіхаючыся на катары.

Дарога да парому праз Прыпяць

Сьня́дзін, Майсе́евічы ды іншыя паўжывыя зарэчныя вёскі адрэзала ад вялікай зямлі цалкам. З розных ускрайкаў Петрыкава праз Прыпяць ходзяць два паромы, але даехаць да іх немагчыма — асобныя кавалкі дарогі проста зьнікаюць пад вадой. Даводзіцца разьвярнуцца.

Паром праз Прыпяць

У векапомныя дні «плылі» нават цягнікі

Колішні дэпутат Вярхоўнага Савету Вячаслаў Герасіменка амаль 8 гадоў узначальваў ратавальную станцыю ў Петрыкаве. І кажа, што ня памятае, каб былі заблякаваныя адразу дзьве паромныя станцыі.

Вячаслаў Герасіменка на дарозе да парому

«Ну ўсё, прыехалі, — кажа ён перад краем дарогі, якая сыходзіць проста ў ваду. — Хіба на „МАЗе“ можна яшчэ паспрабаваць — легкавік адразу патоне. Мабыць, горш было толькі ў 1979 годзе, калі затапіла ўсе ваколіцы, нават цягнікі на перагоне „плылі“ па вадзе. Ад таго часу, бадай, найбольшыя наступствы. Хоць, калі казаць пра жытло, то яно цяпер будуецца вышэй і далей, туды вада не даходзіць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне прынялі закон, які дазваляе аднавіць Чарнаморска-Балтыйскі водны шлях празь Беларусь

Нядаўна прызначаны старшынём Петрыкаўскага таварыства ратаваньня на водах, у мінулым кадравы марскі афіцэр Аляксандар Трухановіч супакойвае: прыкладна на сантымэтар штодня ўзровень адступае. Хоць сапраўдны лівень у дзень нашага прыезду схіляў да думкі, што зусім наадварот.

Аляксандар Трухановіч

«Узровень у Прыпяці падае, гэта факт, — пераконвае адмыслоўца. — Так, ён падышоў да крытычнага, але не максымальны. Для гэтага часу і месца нармальная зьява. Ёсьць падтапленьне палёў, дарог, але да жытла далёка, звычайна не далей за плот... У мяне ёсьць здымак пачатку 1970-х, дык на пляцоўцы, дзе цяпер стаім, вада стаяла да калена. Вось гэта ўжо сур’ёзна. Цяпер усё пад кантролем. Ёсьць мэтэапост са сваім „адміралцействам“, вядуць адлік да ўзроўню мора. Паступова сытуацыя нармалізуецца».

Суразмоўцы кажуць, што дбайныя гаспадары ад прыроднай рэнты маюць някепскі прыход — як мінімум эканомяць на ўгнаеньнях. Вада наносіць на ўчасткі каштоўныя сапрапэлі, якія спрыяюць добраму ўраджаю. Бульба памерам з галаву — звыклая справа, сьмяецца Віктар Палтаран.

Адзінае, у мэтах добраўпарадкаваньня агароды зь берагоў у гарадзкой рысе давялося прыбраць, на іх месцы раскінуліся пляжы. Праўда, кабінкі для пераадзяваньня цяпер таксама ў вадзе.

Дарогі, якія вядуць у «падводны сьвет»

Спробы даехаць да паромнай станцыі з боку вёскі Вы́шалаў аказаліся такімі ж марнымі. Некалькі поўнапрывадных «УАЗікаў», якія праехалі насустрач, спачатку пасялілі надзею. Аднак ужо на трэцяй «лужыне», край якой хаваўся за гарызонтам, бясплённасьць задумы стала відавочнай.

Балазе, на дапамогу прыйшлі сучасныя тэхналёгіі: з вышыні птушынага палёту краявіды адкрыліся, без перабольшаньня, эпічныя. Кілямэтры затопленых паплавоў, жывапісныя астраўкі зь верхавінаў дрэваў, петлі дарог, якія патанаюць у вялікай вадзе.

У ваколіцах Петрыкава разьлілася на толькі імклівая Прыпяць. Мястэчка Пціч на аднайменнай рацэ абступае запаведны лес, які з паветра выглядае як затока. На гэтую чыгуначную станцыю больш за 40 гадоў таму, як ужо згадваў карэнны петрыковец Вячаслаў Герасіменка, цягнікі з пасажырамі дабіраліся па вадзе. Жалезная канструкцыя моста і сёньня ўзвышаецца над воднай роўнядзьдзю, праўда, гэтым разам каляінам нічога не пагражае.

А крыху збочыўшы, трапляем на мясцовы пляж. Тут узровень падтапленьня можна вызначыць па абсталяваных зонах адпачынку — лаўкі ды сталы затанулі мэтраў за 10-15 ад сушы, вакол плавае буйная рыба. Хоць акурат столькі мэтраў мусіць быць ад лавак да звыклага рэчышча.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зазірнуць у гісторыю. Беларусь праз вочка старых аб'ектываў славутых фотамастакоў

Завярнулі былі ў вёску Багрымавічы, але дарога плаўна сышла пад ваду. Далей — цалкам заліты поплаў, наколькі хапае вачэй.

За агародам жыхароў Конкавічаў цячэ жвавы Бобрык — адзін са шматлікіх прытокаў Прыпяці. Цяпер сваім норавам невялікая рачулка дасьць фору любому канкурэнту — перамытыя дарогі, засьмечаныя надзелы, нахіленыя агароджы. Бонусам — усьведамленьне велічнай сілы прыроды.

Вёска Галубіца, гэта зноў Прыпяць. Тут вада, паводле ўсіх прыкметаў, пачала адступаць. Пра гэта сьведчаць характэрныя палосы на платах ды глей на дарогах з тыльнага боку. Але ніжэйшыя агароды яшчэ забалочаныя, а альтанка пасярод затокі дае зарыентавацца, у якія мы ўрэшце мусіць вярнуцца рэчышча.

Каму сапраўднае раздольле, дык гэта шматлікім вадаплаўным птушкам — як свойскім, так і дзікім. Качкі, гусі з панадворкаў у Міцурах сьмела скачуць у нерукатворнае азярцо, якая разьлілося проста пад ганкам. А з паплавоў ужо даносіцца рознагалосы грай: птушкі вяртаюцца на свае летнія гняздоўі. Гэта найбуйнейшая міграцыйная «база» пералётных птушак у Эўропе.

Самі ж палешукі да сэзонных нязручнасьцяў ставяцца па-філязофску, ня бачачы асаблівых прычын турбавацца. А некаторыя нават з настальгіяй прыдыхаюць: вось некалі была вада, а цяпер — так, балаўство...

Зубры і казулі ўцякаюць ад паводкі

Рэкі, выходзячы зь берагоў, прымушаюць да лякальнай міграцыі лясную жыўнасьць. Казулі пры ўзбочынах, а часам і на дарогах — карціна даволі звыклая.

А на ўскраіне Ляскавічаў, дзе за ўмацаванай агароджай і частаколам зь відэакамэрамі схаваўся адзін з палацаў Лукашэнкі, пашчасьціла паназіраць за вялікай чарадой зуброў.

Каля трох дзясяткаў жывёлін выйшлі на сьвежую ральлю проста пры дарозе на Жыткавічы. Спачатку насьцярожана назіралі за людзьмі, а пасьля па камандзе важака кінуліся прэч, да гарызонту. Там спыніліся і, акурат як рыбны касяк, усе далейшыя дзеяньні ўжо ўзгаднялі з галоўным быком. Узорны прыклад арганізаванасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 9 рэзыдэнцый, Tesla і Maybach: Дзе жыве, на чым езьдзіць і лятае Лукашэнка

У Ляскавічах месьціцца штаб-кватэра Нацыянальнага парку «Прыпяцкі». Агулам гэта амаль 90 тысяч гектараў, траціну займае запаведная зона з балотамі і балотнымі лясамі.