«Жыць у гэтым жаху — гэта не жыцьцё». Як пэнсіянэрку зь Менску вазілі на допыт у Магілёў

Ілюстрацыйны здымак

Мянчанка Марына Краснабаева — адна з жанчын, супраць якіх пачалі справу па 369-м артыкуле Крымінальнага кодэксу за камэнтары ў фэйсбуку. Ім інкрымінуюць зьнявагу супрацоўніка міліцыі з Магілёва.

59-гадовая пэнсіянэрка Марына Краснабаева — карэнная мянчанка. Мае адукацыю мэтроляга, працавала на заводзе імя Вавілава. Яе затрымалі 9 красавіка ў прыватным доме.

«Раніцай пачалі настойліва ламіцца ў дзьверы. Я не адчыняла, тады яны патэлефанавалі. Гэта былі мужчына і жанчына, нахабна зайшлі

Марына Краснабаева

да мяне ў хату, каб правесьці вобшук. Я іх не пускала, і тады яны выклікалі амапаўцаў, прыехалі яшчэ двое. У выніку яны зайшлі ў хату, панятымі ўзялі суседзяў. Забралі мой тэлефон і ноўтбук, сказалі: „Зьбірайцеся, паедзем у Магілёў“. Бо чалавек, якога зьняважылі, з Магілёва. Яны без усялякіх тлумачэньняў, маўляў, у нас ёсьць пастанова, загрэблі, завезьлі ў Магілёў і пасадзілі на 72 гадзіны ў ІЧУ».

Паводле пратаколу, «неўстаноўленыя асобы, знаходзячыся ва неўстаноўленым месцы», у публічнай групе «Народны прыгавор» у фэйсбуку разьмясьцілі ў агульным доступе для іншых карыстальнікаў «інфармацыю, якая зьмяшчае публічную зьнявагу начальніка аддзелу прафіляктыкі Ленінскага РУУС Магілёва палкоўніка міліцыі Пахоменкі, які зьяўляецца прадстаўніком улады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў». Паводле пратаколу, гэтую інфармацыю сам Пахоменка выявіў 13 лістапада мінулага года.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцу Тацяну Гацуру-Яворскую адпусьцілі зь СІЗА

«Я ўжо і паста таго ня памятаю»

Марыне Краснабаевай паказалі скрыншот з камэнтаром і яе фатаздымкам. Камэнтар такі: «Уб... кі, каб у вас зямля пад нагамі гарэла».

«Я кажу: паслухайце, калі я насамрэч пакідала нейкі камэнтар адносна гэтага чалавека, то чаму напісана ў множным ліку — „уб... кі“? — кажа Марына. — І калі мы трапілі разам у камэру, я, Аляксандра і Інэса, пачалі разьбірацца і ўспамінаць, а што ж гэта такое было? Аказваецца пад пастом быў камэнтар, маўляў, мала таго, што трэба ціснуць гэтых мянтоў, трэба ціснуць і іх дзяцей. Але мы рэагавалі не на таго супрацоўніка міліцыі, а на тых, хто пісаў, што трэба ціснуць дзяцей. Чаго ж вы дзяцей чапаеце, чаму дзеці павінны адказваць за бацькоў? А ў выніку атрымалася, што мы, маўляў, зьняважылі службовую асобу. Абсурд абсурдаў».

Паводле Марыны, пост, пад якім яны пакінулі камэнтары, ужо выдалілі. А таго міліцыянта, якога, як сьцьвярджаюць сьледчыя, яны нібыта зьняважылі, яны наогул ня ведаюць. І камэнтары яму не адрасаваліся.

«Я ўжо і паста таго ня памятаю. Я ня памятаю, што было тыдзень таму. А прозьвішча гэтай асобы прачытала толькі ў пастанове», — кажа жанчына.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Учатырох хацелі захапіць усе выканкамы і пастарункі». Што вядома пра справу аб «захопе будынкаў» у Гомлі

«Я такога жаху не адчувала за ўсё сваё жыцьцё»

Марыну, Аляксандру і Інэсу зь Ленінскага РУУС прывезьлі ў ІЧУ ў аўтазаку, выпускалі па адной.

«І там пачалося. Было чалавек 8 міліцыі, яны распатрашылі ўсю маю сумку, выцягнулі ўсё да абгортак ад цукерак, усё гэта апісалі. Потым накіравалі ў пакой надгляду. Я такога жаху не адчувала за ўсё сваё жыцьцё. Там разьдзявалі дагала пад відэакамэрай, якая цябе здымае. Мы ўтрох зь Менску апынуліся ў адной камэры. Нас цягам дня па тры разы разьдзявалі дагала. Выводзілі ў жалезных кайданках, рукі за сьпінай, як злачынцаў, у калідор, і там разьдзявалі дагала. І спаць нам не давалі, падзывалі да вакенца і пыталіся прозьвішчы. На драўляных нарах нічога, пад галаву клалі бутэльку з вадой і ўкрываліся сваімі курткамі».

Марына кажа, што аднойчы жанчын разьдзелі і трымалі на скразьняку, пасьля гэтага яна стала кашляць.

«А пасьля кожнага прыёму ежы ў камэру кідалі анучу з хлёркай, якая проста выядала вочы. Яны нас яшчэ і хлёркай труцілі. Мы павінны былі тры разы на дзень гэтай хлёркай мыць камэру, „для дэзынфэкцыі“, як казалі наглядчыкі».

Пасьля вызваленьня з ІЧУ Марына дабіралася з Магілёва ў Менск самастойна, на маршрутцы. Хоць міліцыянты, якія дастаўлялі яе ў Магілёў, абяцалі прывезьці назад у Менск.

«Выйшла з ІЧУ на сьвежае паветра, ажно галава закружылася. Я падышла да маршруткі, кажу, я з ізалятара, мне трэба трапіць дадому ў Менск. Мяне кіроўца ўзяў, пасажыр даў тэлефон, каб я патэлефанавала дачцэ. Дачка на машыне выехала насустрач маршрутцы і па дарозе мяне забрала».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Судзяць былога актывіста БРСМ, які сарваў чырвона-зялёны сьцяг з будынку ГУБАЗіКа. Што ён кажа

«Гэта нейкае залюстроўе»

Падчас затрыманьня ў Марыны забралі тэлефон, і яна не змагла патэлефанаваць дачцэ, якая жыве ў менскіх Шабанах. Дачка зьвярталася ў міліцыю, што зьнікла маці. Ёй там адказвалі, што ня маюць права даваць інфармацыю.

«Гэта нейкае залюстроўе. Я чалавек не канфліктны, у мяне ніколі не было ворагаў, дзе б я ні працавала, — кажа Марына. — Ёсьць „ябацькі“, ёсьць нязгодныя, у кожнага свая думка, кожны мае права. Чаму так адбылося, у мяне першы час нават пазлы ня складваліся. Чаму я падазраваная, чаму я зьневажала асобу? Я яе не зьневажала. Гэта нейкі тэатар абсурду. Я заўсёды баялася міліцыі і старалася ня мець зь ёй справы».

Марыне сьледчы сказаў, што па справе створана сьледчая камісія і будзе сьледчы экспэрымэнт.

«Уяўляеце, нас, трох баб пэнсійнага ўзросту, будуць выклікаць на сьледчы экспэрымэнт, а потым ужо будзе суд, — кажа Марына. — Я ім сказала, што я жыву ў Беларусі, цяпер такая сытуацыя. І, канечне, я цікаўлюся тым, што адбываецца. Калі б я жыла ва Ўкраіне, я цікавілася б іншымі навінамі — майданам, Зяленскім, Парашэнкам. Калі чалавек жыве ў Беларусі, то, бярэ ён удзел у пратэстах ці не, але ён нявольна неяк дачынны да ўсяго, што адбываецца. Жыць у гэтым жаху — гэта не жыцьцё, лепш ужо ня жыць. Усяго баяцца і замоўчваць. Як казаў Гюго: рабіце, як падказвае сэрца. Калі вы гэта зробіце, вас асудзяць, калі вы гэтага ня зробіце, вас усё роўна асудзяць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бабруйчанін з інваліднасьцю: пасьля візыту міністра Кубракова ўмовы для «палітычных» зрабілі невыноснымі