У Берасьці на разгляд «карагоднай справы» пасьля пратэсту падсудных пусьцілі журналістаў недзяржаўных СМІ

  • БелаПАН

Пратэставая актыўнасьць у Берасьці, архіўнае фота

У судзе Маскоўскага раёну Берасьця 15 красавіка пачаўся трэці працэс па так званай «карагоднай справе».

Раней у яго рамках асудзілі 18 чалавек — фігуранты атрымалі ад 1 году «хатняй хіміі» да 1 году і 8 месяцаў калёніі. Гэтым раз судзяць яшчэ 14 чалавек. Адзін знаходзіцца ў СІЗА № 7 Берасьця, астатнія — пад падпіскай аб нявыезьдзе. Працэс вядзе Іна Клышпач, паведамляе БелаПАН.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Шукалі лялькавода, бо не маглі зразумець, што людзі выйшлі самі». Асуджаныя «за карагод» дзяўчаты пра сваю справу

У судовую залю не пусьцілі журналістаў агенцтва БелаПАН і «Брэсцкай газеты» і яшчэ больш за 30 ахвотных. Тады абвінавачаныя запатрабавалі дапусьціць прадстаўнікоў незалежных мэдыя і большую частку людзей, заявілі адвод суду і адмовіліся сесьці да выкананьня гэтых патрабаванняў.

У выніку частка тых, хто прыйшоў на суд, а таксама карэспандэнты БелаПАН Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава змаглі прайсьці ў залю, але ў адводзе суду было адмоўлена. Прадстаўнікі «Брэсцкай газеты» сышлі, не дачакаўшыся рашэньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Берасьці судзяць 13 чалавек у справе аб «масавых беспарадках»

Акцыя, у сувязі зь якой судзяць берасьцейцаў, прайшла 13 верасьня 2020 году ў абласным цэнтры. У той дзень пратэстоўцы вадзілі карагоды на скрыжаваньні праспэкту Машэрава і бульвараў Касманаўтаў і Шаўчэнкі.

Удзельнікі абвінавачваюцца ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу.

Усяго па справе праходзіць больш за 70 чалавек.