Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці судзяць 13 чалавек у справе аб «масавых беспарадках»


Падчас пратэстаў у Берасьці 10 жніўня 2020 года

7 красавіка ў судзе Маскоўскага раёна Берасьця пачаўся суд над абвінавачанымі ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу). Берасьцейцам пагражае да 8 гадоў пазбаўленьня волі.

Справу разглядае судзьдзя Ленінскага раёна Берасьця Андрэй Грушко.

На лаве падсудных 13 чалавек: Аляксандар Вінярскі, Эдуард Кудынюк, Дзяніс Марусевіч, Данііл Бандарук, Уладзімер Рубашэўскі, Марк Салонікаў, Віктар Панцялееў, Сымон Канцэвіч, Вячаслаў Касьцючык, Андрэй Грышчук, Максім Зіневіч, Міхаіл Калішук, Віталія Бандарэнка. Двое зь іх — непаўналетнія.

Каля 80 чалавек прыйшлі падтрымаць абвінавачаных у суд, аднак на ранішняе пасяджэньне пусьцілі толькі бабку аднаго з падсудных, яшчэ 2 сваякоў, па адным прадстаўніку для непаўналетніх і журналіста Tut.by. Потым некалькі чалавек, якія прад’яўлялі пазовы, выйшлі з залі, і на іх месца дазволілі прайсьці яшчэ некалькім родным.

Усе астатнія некалькі гадзін чакалі каля дзьвярэй. Некаторыя сваякі, якім не дазволілі папрысутнічаць на паседжаньні, спадзяюцца трапіць у залю пасьля перапынку.

Па словах маці Дзяніса Марусевіча Людмілы, якая ня трапіла ў залю пасяджэньня і пасьля перапынку, трое падсудных прызналі віну цалкам, трое не прызналі зусім, астатнія прызналі частаткова.

Што кажа абвінавачаньне

Дзяржабвінаваўца сьцьвярджае, што падсудныя 10 жніўня падчас несанкцыянаванага масавага мерапрыемства ў цэнтры Берасьця — на вуліцах Савецкай і Нафтавай, бульварах Шаўчэнкі і Касманаўтаў, праспэкце Машэрава — груба парушылі грамадзкі парадак і ўчынілі пагромы. Яны таксама чынілі гвалт над супрацоўнікамі праваахоўных органаў. Выкарыстоўвалі пры гэтым дошкі, палкі, сьметніцы, фрагмэнты лавак, тратуарнай пліткі і асфальту, бутэлькі, камяні, мэталічныя ніты, ёмістасьці з фарбай, піратэхнічныя вырабы. Затым абвінавачаныя наўмысна зьнішчылі і пашкодзілі транспартныя сродкi i іншую маёмасьць, якая належала АУС, фізычным і юрыдычным асобам.

Паводле інфармацыі пракуратуры, агульная сума шкоды перавысіла 27 тысяч рублёў.

Сярод абвінавачаных адна жанчына

Першапачаткова ў судзе плянаваўся разгляд спраў 12 чалавек. Аднак пазьней у групу абвінавачаных уключылі адзіную дзяўчыну — 19-гадовую Віталію Бандарэнку.

Віталію мусілі судзіць у сярэдзіне лютага разам зь іншымі 9 фігурантамі справы аб масавых беспарадках (усім ім 10 сакавіка прысудзілі ад 3 да 4,5 года калёніі). Аднак дзяўчына на суд не зьявілася.

Нягледзячы на тое, што яна знаходзілася пад падпіскай аб нявыезьдзе, Віталія пакінула краіну. У сувязі з гэтым яе абвясьцілі ў вышук. 27 лютага абвінавачаная вярнулася ў Беларусь. Ужо 1 сакавіка яе затрымалі, пасьля чаго зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, а потым перавялі ў СІЗА-7, дзе да суда знаходзілася большасьць абвінавачаных у гэтай справе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG