Ва Ўкраіне пачаўся збор подпісаў пад зваротам да АБСЭ з заклікам прызнаць палітычны ціск на журналістаў у Беларусі

Журналісткі Кацярына Андрэева і Дар'я Чульцова ў судзе 18 лютага

Украінскія журналісты заклікаюць ўпаўнаважаную АБСЭ у пытаньнях свабоды СМІ Тэрэзу Рыбэйра не заставацца ўбаку ад парушэньняў галоснасьці, свабоды слова і СМІ, а таксама правоў чалавека ў Беларусі і прызнаць гэтыя факты палітычным ціскам на журналістаў.

Ініцыятарамі гэтай кампаніі сталі грамадзкая арганізацыя «Львоўскі мэдыяфорум» супольна з грамадзкай ініцыятывай Free Belarus Center, створанай ва Ўкраіне для дапамогі беларусам, якія ўцякаюць ва Ўкраіну ад перасьледу ў Беларусі.

Яны заклікалі журналістаў і іншыя журналісцкія арганізацыі Ўкраіны падтрымаць зварот.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня мусіць быць крымінальнага перасьледу за інфармацыю, якая складае грамадзкі інтарэс», — прадстаўніца АБСЭ пра вырак Барысевіч і Сарокіну

На думку аўтараў звароту і яго падпісантаў, Тэрэза Рыбэйра мусіць заклікаць беларускую ўладу спыніць перасьлед і выкарыстаньне сілы супраць журналістаў, неадкладна вызваліць палітычных палітвязьняў, у тым ліку журналістаў, а таксама садзейнічаць інфармаваньню аб усіх фактах парушэньняў правоў журналістаў, незаконнага пазбаўленьня іх волі, прымяненьня фізычнай сілы і маральнага ціску на іх.

«Мы просім Арганізацыю бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе і яе прадстаўніцу ў пытаньнях свабоды СМІ Тэрэзу Рыбэйра падтрымаць намаганьні дзяржаў – удзельніц АБСЭ, якія распачалі працэдуру расьсьледаваньня злачынстваў супраць чалавечнасьці, учыненых уладамі Беларусі супраць журналістаў», — адзначаецца ў звароце.

Збор подпісаў будзе працягвацца да 1 траўня.