Спэктакль «Чарнобыльская малітва» паводле кнігі Алексіевіч зьнялі з праграмы тэатру ў Менску на 26 красавіка

Рэспубліканскі тэатар беларускай драматургіі ў Менску.

У Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі без тлумачэньняў прычын замянілі спэктакль «Чарнобыльская малітва» на іншы.

Спэктакль плянавалі паказаць 26 красавіка, на 35-годзьдзе аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Аднак людзі, якія ўжо набылі квіткі ў Рэспубліканскі тэатар беларускай драматургіі, пачалі атрымліваць паведамленьні ад білетнага апэратара BYCARD пра замену спэктакля.

Прычыну пакупнікам не растлумачылі, апавясьціўшы толькі, што квіткі на гэты дзень будуць дзейныя і на спэктакль, якім замянілі «Чарнобыльскую малітву».

Паведамленьне ByCard пра замену спэктакля

У РТБД праз тэлефон пацьвердзілі замену пастаноўкі на іншую, пры гэтым адмовіліся называць прычыны такіх зьменаў у афішы.

Цяпер на 26 красавіка (панядзелак) у праграме РТБД стаіць спэктакль «Кар’ера доктара Раўса».

Спэктакль «Чарнобыльская малітва» пастаўлены па творы нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч. Рэжысэр — Валер Анісенка. Драма складаецца з сымбалічных маналёгаў і апавядае пра чарнобыльскую трагедыю — трагедыю соцень тысяч людзей, якія апынуліся ў непасрэднай блізкасьці да выбуху і чыё жыцьцё катастрофа зьмяніла кардынальна і назаўсёды.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Турмы ці тэатры? Чаго ў Беларусі болей
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Беларусі ідэалёгія замяніла культуру». Стваральнікі ўнікальнага гомельскага тэатру пасьля перасьледу зьехалі ў Варшаву
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Празе абвешчаны конкурс на дзьве стыпэндыі з рэзыдэнцыяй для беларускіх драматургаў