Ва Ўкраіне ўвялі новыя абмежаваньні ў памежных зь Беларусьсю раёнах. Выведка заяўляе пра новыя пагрозы з Расеі

Украінскія вайскоўцы каля мяжы зь Беларусьсю, архіўнае фота

У Ровенскай вобласьці Ўкраіны ў памежных зь Беларусьсю раёнах увялі дадатковыя абмежаваньні памежнага кантролю, якія будуць дзейнічаць да канца 2021 году.

У прыватнасьці, пра любыя працы ў памежжы мясцовыя ўлады і камунальныя службы мусяць паведамляць памежнікам за 6 гадзін да іх пачатку.

Па дарогах, якія вядуць да мяжы, забаранілі з 22.00 да 6.00 рух транспарту. Забаранілі таксама стаянку аўтамабіляў на нэўтральнай паласе між Беларусьсю і Ўкраінай. Пра палёты лёгкаматорных самалётаў і дронаў трэба папярэджваць цяпер за 24 гадзіны, і ня менш як за гадзіну — пра вадалазныя працы ці выхад невялікіх суднаў і іншых плаўсродкаў на азёры і іншыя вадаёмы, якія знаходзяцца ў памежным раёне.

Кіроўцам забаранілі падвозіць пасажыраў, якія ня маюць дакумэнтаў, што пацьвярджаюць іхную асобу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: CIT: у Крым перакінулі дэсантнікаў Пскоўскай дывізіі

Увечары 11 красавіка прадстаўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Вадзім Скібіцкі заявіў пра павелічэньне расейскай вайсковай пагрозы.

«На сёньняшні дзень адна з вайсковых пагрозаў — нарошчваньне расейскіх войскаў каля дзяржаўнай мяжы Ўкраіны. І менавіта таму мы лічым, што ёсьць павелічэньне ўзроўню гэтай пагрозы, і яна зьвязаная з нарошчваньнем і з актыўнымі захадамі баявой і апэратыўнай падрыхтоўкі каля нашых межаў. Раней мы такога не назіралі. Такія вялікія перамяшчэньні былі ў 2014–2015 гадах, калі пачалася непасрэдная агрэсія Расейскай Фэдэрацыі супраць Украіны», — заявіў Вадзім Скібіцкі ў эфіры Вайсковага тэлебачаньня Ўкраіны.

Раней украінскія карыстальнікі сацыяльных сетак паведамлялі пра перамяшчэньні расейскай вайсковай тэхнікі за 60 кілямэтраў ад мяжы з Ровенскай вобласьцю.