Былы прэм’ер-міністар Беларусі стаў «прадстаўніком Расейскай Фэдэрацыі» ў назіральнай радзе буйнога расейскага банку

Сяргей Румас, архіўнае фота

Былы прэмʼер-міністар Беларусі Сяргей Румас стаў прадстаўніком Расейскай Фэдэрацыі ў назіральнай радзе «Россельхозбанка».

Такая інфармацыя зьявілася на сайце банку.

«Россельхозбанк» — дзяржаўны расейскі банк, найбуйнейшы крэдытор аграпрамысловага комплексу Расеі. Ягоную назіральную раду ўзначальвае міністар сельскай гаспадаркі Расеі Дзьмітры Патрушаў — сын дзяржсакратара Рады бясьпекі Расеі, былога дырэктара ФСБ Мікалая Патрушава.

Сяргей Румас пакінуў пасаду прэмʼер-міністра Беларусі ў чэрвені 2020 году.

У лютым 2021 году затрымалі сяброў Румаса. Сам ён у гэты час быў у Вялікай Брытаніі і Казахстане. На пачатку красавіка «Наша ніва» паведаміла, што ў менскім доме былога прэм'ер-міністра адбываўся ператрус і што Румас знаходзіцца ў Кіеве, баючыся ехаць у Расею.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наша ніва»: У менскім доме былога прэм'ер-міністра адбыўся ператрус

Пазьней ў гутарцы з Tut.by Румас заявіў, што знаходзіцца ў Кіеве з рабочай паездкай. Інфармацыю пра ператрусы ў ягоным менскім доме ён адмовіўся камэнтаваць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-прэм'ер Румас запэўніў, што не зьбіраецца пераяжджаць ва Ўкраіну