На рэфэрэндуме ў Кіргізстане вырашылася пытаньне аб увядзеньні прэзыдэнцкай формы кіраваньня

Прэзыдэнт Садыр Джапараў галасуе на рэфэрэндуме, 11 красавіка 2021

У нядзелю, 11 красавіка, у Кіргізстане, дзе зарэгістравана 3,6 мільёна выбаршчыкаў, адбыўся рэфэрэндум аб унясеньні паправак у канстытуцыю, а таксама выбары ў мясцовыя органы ўлады.

Унясеньне зьменаў у канстытуцыю Кіргізстану ўхвалілі 79,31% выбарнікаў. Адпаведныя дадзеныя разьмешчаныя на інфармацыйным партале ЦВК краіны пасьля падліку 89,97% галасоў. Супраць зьменаў прагаласавала 13,68% выбарнікаў.

Рэфэрэндум адбыўся, бо ўдзел перавысіў неабходны парог 30%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Садыр Джапараў перамагае на прэзыдэнцкіх выбарах у Кіргізстане

Прапанаваныя зьмены асноўнага закону, якія былі распрацаваныя ўдзельнікамі канстытуцыйнай нарады, прадугледжваюць значнае пашырэньне паўнамоцтваў прэзыдэнта, памяншэньне правоў парлямэнту і скарачэньне колькасьці дэпутатаў з 120 да 90 чалавек.

Кіраўнік дзяржавы ў выпадку станоўчага выніку галасаваньня атрымае поўны кантроль над урадам, улучна з магчымасьцю прызначэньня і звальненьня міністраў.