«Маму пераводзілі ў цесную камэру, каб навяла там парадак». Як жыве ў турме мэдыямэнэджарка Юлія Слуцкая

Юлія Слуцкая, архіўнае фота

Летась 22 сьнежня па прылёце з адпачынку ў менскім аэрапорце затрымалі заснавальніцу «Прэс-клюбу», журналістку Юлію Слуцкую. Ад таго часу яна, як і яе сын Пётар, за кратамі.

Пра турэмны побыт і лайфхакі з-за кратаў распыталі дачку Юліі — Аляксандру.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фігурантам справы «Прэс-клюбу» працягнулі тэрмін пад вартай на 2 месяцы. Якія навіны ад вязьняў?

22 сьнежня 2020-га ў «Прэс-клюб» прыйшлі сілавікі. У офісе і дома ў супрацоўнікаў адбыліся ператрусы ці агляды. У той дзень затрымалі кіраўніцу праекту Юлію Слуцкую, праграмнага дырэктара Алу Шарко, фінансавага дырэктара Сяргея Альшэўскага, кіраўніка Акадэміі «Прэс-клюбу» Сяргея Якупава, апэратара Пятра Слуцкага і былую журналістку БТ Ксенію Луцкіну.

31 сьнежня ім прад’явілі абвінавачаньні. Слуцкую абвінавацілі ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры, Шарко, Альшэўскага, Луцкіну і Пятра Слуцкага — у саўдзеле ў злачынстве. Сяргея Якупава, грамадзяніна Расеі, выслалі з краіны з забаронай на ўезд на бліжэйшыя 10 гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніка «Акадэміі Прэс-клюбу» вызвалілі і выслалі ў Расею

«Падатковая так і не паказала вынікі праверкі»

Чацьвёрты месяц Юлія Слуцкая, ейны сын Пётар і іншыя фігуранты справы «Прэс-клюбу» — за кратамі. Юлію вінавацяць ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў, але падатковая так і не паказала вынікі сваёй праверкі.

«Хутка чатыры месяцы, а вынікаў праверкі няма. Няма ніводнай паперы, якая б гаварыла, што яны мусілі сплаціць больш падаткаў, чым сплацілі. За апошнія два месяцы ў маці быў адзін допыт, у Пятра допытаў не было наогул», — расказвае Аляксандра.

І прыгадвае: Юлія ня думала пра затрыманьне, што гэта магчыма. Аляксандра стараецца насіць маці перадачы кожны дзень, бо перадаваць можна ня ўсё, а ў турме прадукты хутка псуюцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Размахвалі пісталетам, паставілі на калені, ударылі па галаве». Супрацоўнік «Прэс-клюбу» пра сваё затрыманьне

«Нельга зварыць кавалак мяса і перадаць туды»

Сьпісы прадуктаў, якія можна перадаваць за краты, складаліся яшчэ ў Савецкім Саюзе і з таго часу не мяняліся, расказвае Аляксандра.

«У межах сьпісу перадаваць можна ўсё, праблемы няма. Чамусьці можна апэльсіны, але нельга грэйпфруты, можна цукар, а соль нельга. З гародніны можна толькі цыбулю, часнык, агуркі, памідоры і перац, іншае — нельга. Маці скардзіцца, што харчаваньне не збалянсаванае. Зварыць і перадаць кавалак мяса нельга, можна вэнджаную каўбасу. З турэмнага харчаваньня есьці нічога немагчыма. Маці бярэ пустую міску і заварвае ў ёй суп, з тых, што я перадаю», — кажа Аляксандра.

Ліст Юліі Слуцкай з-за кратаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У камэры з 8 чалавек 5 — „палітычныя“». Што піша Юлія Слуцкая з-за кратаў

«Маці пабывала ў малой транзытнай камэры»

26 сакавіка Аляксандра даведалася, што маці перавялі ў іншую, малую камэру, там яна правяла чатыры дні.

«Гэта аказалася камэра 6 квадратных мэтраў на 6 чалавек. Там была студэнтка Ксюша Сырамалот, а таксама асацыяльныя асобы, бамжы. Была жанчына пад наркатычным ап’яненьнем, якая крычала ўсю ноч. Камэра брудная, транзытная. З чым гэта зьвязана, незразумела. Маці лічыць, што яе туды пасадзілі як носьбіта турэмнага досьведу, каб навяла там парадак, яе там прызначылі галоўнай. Маці і там знайшла плюсы, было больш дзённага сьвятла, быў бачны кавалак вежы ў вакно. Усе выцяжкі ў камэры замазаныя, бо празь іх раней перамаўляліся. Пасьля маці вярнулі ў іншую камэру», — кажа Аляксандра.

Цяпер зьняволеных амаль не выводзяць на прагулкі, бо «гуляць выводзяць, калі хочуць усе, але знаходзяцца тыя, хто гуляць ня хоча».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сваякі затрыманых супрацоўнікаў «Прэс-клюбу» пералічылі СК 110 тысяч рублёў

«Кнігі перадаваць нельга, але ёсьць бібліятэка»

На Валадарскага можна набыць кнігу праз кнігарню для турэмнай бібліятэкі і паведаміць пра гэта сваім сваякам, тлумачыць Аляксандра.

«Бібліятэка добрая, але сьпісу кніг няма. Ты замаўляеш кнігу наўздагад: пашанцуе — прынясуць. Апошні раз маці чытала Караткевіча і Санд», — прыгадвае Аляксандра.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра што пішуць жанчыны-палітвязьні

«Пётар піша, што жыве ў рэжыме ката́»

Родны брат Аляксандры і сын Юліі Пётар Слуцкі — таксама ў турме на Валадарскага. У яго ў камэры 24 чалавекі.

«У іх там трохʼярусныя нары, натоўп мужыкоў, памыцца можна раз на тыдзень толькі. Хлопцы нармальныя, кагосьці Пётар вучыць ангельскай мове. Гуляюць у нарды, па ранках глядзяць турэцкі сэрыял па БТ. Увечары ў іх гульня — паглядзець навіны па дзяржаўнай тэлевізіі і разабрацца, хто што зразумеў паміж радкоў», — апісвае Аляксандра.

Пётар піша з турмы, што жыве «ў рэжыме ката́ — паспаў, паеў, толькі латка не хапае».