Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніка «Акадэміі Прэс-клюбу» вызвалілі і выслалі ў Расею


Дыскусія «Як моладзь Беларусі ўяўляе сабе сваю будучыню» ў Прэс-клюбе, сьнежань 2018 г.
Дыскусія «Як моладзь Беларусі ўяўляе сабе сваю будучыню» ў Прэс-клюбе, сьнежань 2018 г.

Кіраўніку «Акадэміі Прэс-клюбу», грамадзяніну Расеі Сяргею Якупаву, які быў затрыманы разам зь іншымі супрацоўнікамі арганізацыі, абвінавачаньня ня выставілі. Сёньня яго даставілі пад канвоем на лётнішча і выслалі ў Расею.

Пра гэта паведамляе TUT.BY, спасылаючыся на адваката Антона Гашынскага.

Зьмяніць меру стрыманьня для Якупава прасілі некалькі буйных расейскіх выданьняў. Мэдыяхолдынг РБК у пісьмовым звароце на імя кіраўніка Сьледчага камітэту Беларусі прасіў зьмяніць Якупаву меру стрыманьня на не зьвязаную з пазбаўленьнем волі.

«Мы лічым, што ўтрыманьне пад вартай зьяўляецца залішняй мерай у дачыненьні да Якупава Сяргея Сяргеевіча, які мае бездакорную рэпутацыю і якога мы ведаем як выключна законапаслухмянага грамадзяніна», — напісала ў хадайніцтве з падобнай просьбай рэдакцыя расейскага выданьня «Звезда».

Затрыманым у справе «Прэс-клюбу» стваральніцы пляцоўкі Юліі Слуцкай, Сяргею Альшэўскаму, праграмнаму дырэктару Але Шарко, апэратарам Пятру Слуцкаму і Дзянісу Сакалоўскаму выставілі абвінавачаньне ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры — паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу. Санкцыя артыкула прадугледжвае да 5 гадоў абмежаваньня волі.

Як пазьней паведаміла Каардынацыйная рада, супраць затрыманай былой журналісткі БТ Ксеніі Луцкінай, якая ўваходзіць у асноўны склад рады, вылучылі абвінавачаньні паводле таго ж артыкула, а таксама паводле часткі 6 артыкула 16 Крымінальнага кодэксу (пасобніцтва ў злачынстве).

Што такое «Прэс-клюб»

  • «Прэс-клюб» — гэта «пляцоўка для прафэсійнага разьвіцьця мэдыясупольнасьці», «нефармальнае аб’яднаньне мэдыяпрафэсіяналаў, усіх тых, хто жадае ўдасканаліць журналісцкія ўменьні і працаваць у рытме прафэсійных стандартаў і трэндаў».
  • «Прэс-клюб» заснаваны ў 2011 годзе. У чэрвені 2014-га арганізацыя стала сябрам Міжнароднай асацыяцыі «Прэс-клюбаў» (International Association of Press Clubs). У лістападзе 2015-га ў Беларусі зарэгістравалі культурна-асьветніцкую ўстанову «Журналісцкая майстэрня Прэс-клюб».
  • «Прэс-клюб» арганізуе прафэсійныя дыскусіі, трэнінгі, варштаты для журналістаў, займаецца мэдыяграматнасьцю, маніторынгам і аналізам фэйкаў і прыкладаў прапаганды ў дзяржаўных мэдыя.
  • Юлія Слуцкая — заснавальніца і старшыня «Прэс-клюбу». У 1995–2006 — галоўны рэдактар «„Комсомольской правды“ в Белоруссии». У 2007–2010 — галоўны рэдактар «Эўрапейскага радыё для Беларусі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG