Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваякі затрыманых супрацоўнікаў «Прэс-клюбу» пералічылі СК 110 тысяч рублёў


Дыскусія ў «Прэс-клюбе», архіўнае фота

Родныя арыштаваных у справе «Прэс-клюбу» пералічылі на рахунак Сьледчага камітэту 110 тысяч рублёў. Такім чынам яны забясьпечылі пагашэньне нібыта нанесеных стратаў ад дзейнасьці культурна-асьветніцкага праекту на выпадак, калі суд прызнае іх вінаватымі.

Пра тое, што 6 студзеня на рахунак Сьледчага камітэту родныя затрыманых супрацоўнікаў «Прэс-клюбу» пералічылі амаль 110 тысяч рублёў, Свабодзе расказала дачка Юліі Слуцкай, Аляксандра.

«Сёньня мы ўнесьлі плату на рахунак Сьледчага камітэту, — расказала Аляксандра Слуцкая. — Гэта называецца „забесьпячэньне пагашэньня нанесеных стратаў“ — 109 769 рублёў. Такая сума фігуруе ў матэрыялах справы. У кампэнсацыі сродкаў удзельнічалі родныя ўсіх затрыманых».

Па словах Аляксандры Слуцкай, кампэнсацыя сродкаў не азначае прызнаньня віны абвінавачанымі.

Юлію Слуцкую і шэраг іншых супрацоўнікаў «Прэс-клюбу» вінавацяць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў і спрыяньні гэтаму.

31 сьнежня выставілі абвінавачаньні

  • Юліі Слуцкай, заснавальніцы «Прэс-клюбу»,
  • Сяргею Альшэўскаму, фінансаваму дырэктару,
  • Але Шарко, праграмнай дырэктарцы,
  • Пятру Слуцкаму, апэратару,
  • Дзянісу Сакалоўскаму, апэратару.

Усіх іх утрымліваюць пад вартай у СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Кіраўніка Акадэміі «Прэс-клюбу» дэпартавалі ў Расею

Кіраўніка Акадэміі «Прэс-клюбу», грамадзяніна Расеі Сяргея Якупава, у той жа дзень пад канвоем даставілі ў менскі аэрапорт і дэпартавалі з краіны.

Як расказаў Свабодзе сам Якупаў, яму не прад’явілі абвінавачаньня, ён мае статус свабоднага чалавека, усе падазрэньні зь яго зьнятыя.

Камэнтаваць сытуацыю ён пакуль не гатовы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG