Сустрэча з прадстаўнікамі партыі Бабарыкі «Разам» у Маладэчне не адбылася, міліцыя загадала разысьціся

Віктар Бабарыка за кратамі падчас суду. Менск, 17 лютага 2021 году.

8 красавіка ў Маладзечна каманда партыі «Разам» плянавала пабачыцца з мясцовымі жыхарамі.

Гэта была першая сустрэча з прадстаўнікамі плянуемай партыі, аб намеры стварыць якую заявілі ўдзельнікі штабу Віктара Бабарыкі.

Але сход ня змог адбыцца ў заплянаваным фармаце, бо «паўстала непаразуменьне з боку прадстаўнікоў МУС», паведамляе «Рэгіянальная газета».

Перад пачаткам сустрэчы сябра аргкамітэту партыі «Разам» Максім Баграцоў кансультаваўся з кіраўніцтвам мясцовага РАУС. «Дасягнуць паразуменьня ў дачыненьні да статусу нашага мерапрыемства ў гэты раз не атрымалася» — расказалі прадстаўнікі штабу.

Каля дзесяці маладэчанцаў прыйшлі на сход, аднак неўзабаве ў памяшканьне прыйшлі супрацоўнікі Маладзечанскага РАУС. Яны паведамілі, што мерапрыемства несанкцыянаванае і заклікалі разысьціся. Затрыманьняў не было.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бабарыка хоча стварыць партыю «Разам». Чым такія спробы канчаліся раней

«Праца над арганізацыяй сустрэч у гарадах Беларусі працягваецца, вопыт Маладзечна будзе ўлічаны пры падрыхтоўцы наступных сустрэч», — сказалі прадстаўнікі штабу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КПСС як узор. Як Лукашэнка бачыць партыйную сыстэму
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Павал Латушка аб’явіў аб намеры стварыць палітычную партыю