5 гадоў калёніі. Прысуд актывісту зь Бярозаўкі Вітольду Ашурку пакінулі ў сіле

Вітольд Ашурак, архіўнае фота

Горадзенскі абласны суд пакінуў у сіле прысуд актывісту зь Бярозаўкі Вітольду Ашурку — 5 гадоў калёніі. Самога Ашурка на апэляцыю не прывезьлі і нават не падключылі празь відэасувязь.

Прысуд Ашурку агучылі 18 студзеня ў судзе Лідзкага раёну. Людзі ў залі пачалі выгукваць «Ганьба», «Верым, можам, пераможам», «Жыве Беларусь». За «хуліганства групай асобаў» завялі крымінальную справу. Вядома сама меней пра двух падазраваных у гэтай справе.

50-гадовага Вітольда Ашурка судзілі ў закрытым рэжыме «праз каранавірус». Яго прызналі вінаватым у арганізацыі беспарадкаў (артыкул 342 КК) і гвалце над міліцыянтам (артыкул 364 КК).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сапраўдны мясцовы лідэр». Чым вядомы актывіст Вітольд Ашурак, які атрымаў 5 гадоў турмы за пратэсты

Дэталі справы агучылі толькі падчас разгляду апэляцыі. Ашурка судзілі за падзеі 9 жніўня 2020 году ў Лідзе. Тады, паводле абвінавачаньня, лідзяне прыйшлі пад райвыканкам зь бел-чырвона-белымі сьцягамі і транспарантамі. Чальцы выбарчай камісіі не маглі прайсьці да райвыканкаму з выніковымі пратаколамі галасаваньня.

Міліцыянты неаднаразова заклікалі людзей разысьціся, бо мерапрыемства недазволенае. Аднак людзі не разыходзіліся, кідалі розныя прадметы ў супрацоўнікаў, у тым ліку і шкляныя бутэлькі.

Ашурка абвінавацілі ў тым, што ён таксама выгукваў лёзунгі, не падпарадкаваўся міліцыянтам, калі яго хацелі спыніць як аднаго з самых актыўных. Да таго ж, паводле афіцыйнай вэрсіі, Ашурак ударыў міліцыянта Кацілу каленам у жывот.

Усяго ў справе выступалі сьведкамі больш за 20 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналіста зь Бярозаўкі асудзілі за воклічы «Жыве Беларусь» падчас прысуду, які ён асьвятляў

Вітольд Ашурак віны не прызнаў. Як раней расказвалі ягоныя сябры, увечары 9 жніўня ён разам з тысячамі жыхароў Ліды пайшлі пад райвыканкам. Людзі паводзілі сябе мірна. Да іх прыехалі байцы. Ашурак, са словаў сяброў, нікога не чапаў і, наадварот, заклікаў сілавікоў да мірнага вырашэньня сытуацыі. Яго ў той вечар затрымалі, а выпусьцілі празь некалькі дзён разам зь іншымі «палітычнымі». У наступны раз яго затрымалі 19 верасьня паводле адміністрацыйных спраў. На волю актывіст ужо ня выйшаў. На яго завялі крымінальную справу.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязень Ашурак упэўнены, што выйдзе на волю ўжо сёлета
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 68-гадовага палітвязьня Няпомняшчых пакаралі 2 гадамі і 6 месяцамі турмы за нібыта абразу і пагрозу пракурорцы