6 красавіка адбыўся першы допыт падазраванага ў буйной нясплаце падаткаў Віктара Бабарыкі. Сам працэс пачаўся яшчэ 17 лютага. Далей даваць паказаньні на працэсе Бабарыка адмовіўся.
«Я ня буду пакуль на гэтым этапе адказваць ні на якія пытаньні, даваць нейкія тлумачэньні, нейкія паказаньні. Лічу, што я досыць шмат сказаў па сутнасьці прад’яўленых абвінавачаньняў», — заявіў Бабарыка суду. У канцы ён сказаў:
«Я доўга ня мог адказаць на пытаньне, ці правільна я зрабіў 12 траўня [калі абвясьціў пра прэзыдэнцкія амбіцыі]. Былі наступствы для маёй справы, якой я аддаў 25 гадоў, для людзей, зь якімі працаваў, для майго сына, для сяброў. Я ведаю адно, што матыў быў толькі адзін: я хачу жыць у краіне, дзе перамагае закон».
У перапынку сёньняшняга судовага пасяджэньня суд адмовіў падсуднаму ў канфідэнцыйнай размове з адвакатам.
Падтрымаць палітзьняволенага, які летась балятаваўся ў прэзыдэнты Беларусі, прыйшлі дзясяткі людзей. Суд адбываецца ў будынку Маскоўскага раённага суду сталіцы пад юрысдыкцыяй Вярхоўнага суду.
Падтрымаць Бабарыку прыйшлі таксама яго паплечнікі і знаёмыя Лявон Халатран, Максім Баграцоў, Людміла Казак і іншыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Бабарыка хоча стварыць партыю «Разам». Чым такія спробы канчаліся ранейГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Чаму Пуцін не падтрымае Бабарыку