Украіна больш не разглядае Беларусь як перамоўную пляцоўку ў пытаньні ўзброенага канфлікту на Данбасе

Аляксей Рэзьнікаў

Украінская дэлегацыя ў Трохбаковай кантактнай групе (ТКГ) будзе шукаць іншую краіну для перамоваў, бо давер да Беларусі страчаны.

Пра гэта заявіў намесьнік прэм’ер-міністра, міністар рэінтэграцыі Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў у этэры праграмы «Свабода слова» на тэлеканале ICTV. Ён перакананы, што цяпер афіцыйны Менск знаходзіцца пад уплывам Расеі.

«Мы катэгарычна заявілі, што ня будзем удзельнічаць у пасяджэньнях ТКГ, калі сёньня карантынныя абмежаваньні раптам скончацца і будзе прапанавана працягваць кансультацыі, як і раней, у Менску. Мы растлумачылі, што ўкраінская дэлегацыя не накіруе сваіх чальцоў у Менск для сустрэч у рэальным жыцьці. Нам усё роўна давядзецца шукаць іншую краіну і іншы горад».

Паводле слоў Рэзьнікава, цяпер у Беларусі «дамінуе пэўная прарасейская і антыўкраінская думка».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Ўкраіна ўключыла беларускі фактар у стратэгію сваёй ваеннай бясьпекі. Што кажуць экспэрты

26 сакавіка ў Данецкай і Луганскай абласьцях Украіны, частка якіх знаходзіцца пад кантролем прарасейскіх сэпаратыстаў, у выніку абстрэлу расейскімі акупацыйнымі сіламі загінулі чатыры вайскоўцы Ўзброеных сіл Украіны, яшчэ двое атрымалі раненьні.

Прэзыдэнт краіны Ўладзімер Зяленскі даручыў прадстаўнікам у Трохбаковай кантактнай групе ініцыяваць тэрміновае пасяджэньне падгрупы па бясьпецы, а таксама тэрмінова абмеркаваць праблему на ўзроўні дарадцаў лідэраў «Нарманскага фармату».

Увечары 31 сакавіка ўкраінская дэлегацыя ў ТКГ паведаміла ўдзельнікам сустрэчы, што Расея адхіліла ўсе просьбы спыніць агонь на фронце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямеччына і Францыя выказаліся пра рост напружанасьці на Данбасе
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд прызнаў кнігу «Белорусский Донбас» экстрэмісцкай
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы па-за палітыкай». Генпракурорка Ўкраіны расказала, ці будуць выдаваць беларускіх уцекачоў на радзіму