Зьніжэньне заробкаў, інфляцыя, дэфіцыт тавараў. Сусьветны банк ацаніў пэрспэктывы беларускай эканомікі

Беларусам прадракаюць паступовае зьбядненьне

Сусьветны банк палепшыў прагноз беларускай эканоміцы на 2021 год, але ў далейшым прадракае рэцэсію. Экспэрты чакаюць зьніжэньня ВУП Беларусі на 2,2% на фоне прагназаванага росту сусьветнай эканомікі на 4%, гаворыцца ў аглядзе эканомік краін Усходняй Эўропы і Цэнтральнай Азіі.

Ва ўмовах палітычнага крызісу і абмежаваных магчымасьцяў фіскальнай і грашова-крэдытнай палітыкі, уплыву падатковага манэўру Расеі і адсутнасьці структурных рэформаў прагназуецца паглыбленьне рэцэсіі ў 2021 годзе і павольнае аднаўленьне пасьля гэтага, адзначаецца ў дакумэнце.

Так, у 2022 годзе чакаецца рост ВУП на 1,9%, у 2023-м — на 1,2%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзяржава ўспрымае бізнэс як пагрозу». 10 тэзісаў пра тое, як выжыць у палітычны крызіс

Сёлета запатрабаваньні ў вонкавым фінансаваньні будуць згорнутыя праз рэфінансаваньне доўгу перад Расеяй і выкарыстаньня рэзерваў. Але наступныя гады будуць складанымі з прычыны выплат па двухбаковых крэдытах і эўрааблігацыях, а таксама пачатку разьліку за крэдыт на будаўніцтва БелАЭС.

Экспэрты Сусьветнага банку ўдакладняюць, што нядаўняе падвышэньне падаткаў у Беларусі нэгатыўна адаб’ецца на прыватным сэктары, які і без таго адчувае цяжкасьці без падтрымкі падчас эпідэміі COVID-19. Рост рынкавых працэнтных ставак і падзеньне даверу з боку інвэстараў будуць стрымліваць унутраныя і замежныя інвэстыцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рост спажывецкіх цэн у Беларусі быў самы высокі сярод постсавецкіх краінаў у лютым і з пачатку 2021 году

Пры гэтым кантроль цэнаў ня здолее ўтрымаць інфляцыю, затое можа выклікаць дэфіцыт некаторых тавараў. Паводле ацэнак Сусьветнага банку, па выніках 2021 году інфляцыя дасягне 8,2%.

Таксама прагназуецца зьніжэньне рэальных заробкаў і даходаў, што адмоўна адаб’ецца на дабрабыце хатніх гаспадарак.