Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзяржава ўспрымае бізнэс як пагрозу». 10 тэзісаў пра тое, як выжыць у палітычны крызіс


Дзелавая супольнасьць Беларусі, архіўнае фота

Экспэрты ад бізнэсу абмеркавалі цяперашнюю сытуацыю і шляхі выхаду зь яе. Вось асноўныя тэзісы дыскусіі.

24 сакавіка прадстаўнікі Рэспубліканскага саюзу прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў і іншых бізнэс-асацыяцый абмеркавалі ўмовы працы ў сучаснай Беларусі і стратэгію камунікацыі з уладамі і грамадзтвам. Пераказваем тэзісы.

«Прыватны бізнэс просіць не перашкаджаць, каб выжыць»

Паводле старшыні Рэспубліканскага саюзу прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Аляксандра Швяца, адна з асноўных задач бізнэсу на сёньня — выжыць.

«Эканамічнае поле Беларусі — з аднаго боку, заяўленая роўнасьць усіх формаў уласнасьці, але дзяржаўныя прадпрыемствы раўнейшыя. Дзяржаўны бізнэс і прыватны бізнэс існуюць у розных плоскасьцях прымяненьня заканадаўства. Сацыяльна-эканамічная стабілізацыя ня можа быць эфэктыўнай без вырашэньня сацыяльна-палітычных праблем», — мяркуе Аляксандар Швец.

«Нельга адмоўчвацца»

На думку доктара філялягічных навук, прафэсара Ірыны Сідорскай, цяпер для камунікатыўнай стратэгіі бізнэсу шкодна адмоўчвацца. Для спажыўцоў і калектыву арганізацыі важная пазыцыя самой арганізацыі. А ў сытуацыі «турбулентнасьці выжывуць арганізацыі, якія гатовыя да зьменаў».

«Дзяржава чакае ад бізнэсу зьмірэньня»

Старшыня камітэту бізнэс-камунікацыі РСПП Раман Касьціцын зьвяртае ўвагу, што дзяржава і грамадзкасьць сёньня чакаюць ад бізнэсу абсалютна розных рэчаў.

«Дзяржава чакае ад бізнэсу маўчаньня і зьмірэньня, грамадзтва чакае разуменьня і салідарнасьці. Гэта рознаскіраваныя інтарэсы. Існуе тры стратэгіі паводзінаў бізнэсу ў цяперашняй сытуацыі:

  • Жыць як ні ў чым не бывала
  • Забараняць супрацоўнікам актыўную грамадзянскую пазыцыю
  • Шлях салідарнасьці і эмпатыі

Пры гэтым самая распаўсюджаная — стратэгія «жыць як ні ў чым не бывала».

«Дзяржава ўспрымае бізнэс як пагрозу»

«Дзяржава ўспрымае бізнэс як пагрозу. Мы рабілі некалькі зваротаў да дзяржавы, яны засталіся без разгляду. Дзяржава нават гатовая мірыцца са стратай часткі ВУП, дзяржава на сёньня ня мае стратэгіі на захаваньне дзелавой актыўнасьці», — мяркуе Раман Касьціцын.

«Людзі гатовыя падтрымліваць бізнэс»

Людзі гатовыя дэманстраваць ляяльнасьць бізнэсу, які праяўляе эмпатыю. Як прыклад Раман Касьціцын прыводзіць кавярні, дзе выстройваліся вялікія чэргі, пасьля таго як яны пацярпелі ад рэпрэсій.

«Нягледзячы ні на што, трэба захоўваць кантакт зь дзяржавай»

Пры гэтым прадстаўнікі бізнэсу зьвяртаюць увагу, што варта захоўваць кантакт зь дзяржавай.

«Асноўны прыярытэт, калі дзяржава і бізнэс у канфлікце, — захаваньне каналу камунікацыі, іначай ня будзе якаснай зьмены сытуацыі», — кажа Раман Касьціцын.

«Бізнэс не разумее прыярытэтаў дзяржавы»

У цяперашняй сытуацыі прадстаўнікі бізнэсу не заўжды разумеюць прыярытэты дзяржавы.

«Ва ўмовах турбулентнасьці правая рука дзяржавы ня ведае, што робіць левая. Пры гэтым важна пераносіць акцэнт на пэрсанальнае выжываньне бізнэсу. Калі рызыкі ўзмацняюцца — павінен быць антыкрызісны плян», — заўважае Раман Касьціцын.

«Бізнэс павінен мець прынцыповую пазыцыю»

Паводле старшыні Саюзу прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў, прыватны бізнэс «павінен мець пазыцыю, але даносіць яе важна бясьпечным шляхам, як для кіраўнікоў бізнэсу, так і для супрацоўнікаў».


«Мэдыятарам паміж дзяржавай і бізнэсам павінны быць бізнэс-саюзы»

Задача бізнэс-саюзаў на сёньня — даносіць да дзяржавы пазыцыю бізнэсу, каб дзяржаўныя органы выслухалі і змаглі паўплываць на сытуацыю. Каб гэта адбылося, паводле экспэртаў, бізнэс павінен актыўней аб’ядноўвацца ў саюзы.

У Менску 50% працадаўцаў — недзяржаўны сэктар

Наколькі важны для эканомікі прыватны бізнэс паводле некаторых лічбаў.

Недзяржаўны сэктар эканомікі — больш за 50% занятых у Менску. Бюджэт сталіцы — на 77% забясьпечвае недзяржаўны сэктар.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG