Ярданія абвінаваціла былога насьледнага прынца ў змове з мэтай дэстабілізаваць краіну

Прынц Хамза

Намесьнік прэм’ер-міністра Ярданіі Айман Сафадзі заявіў, што зводны брат караля, былы насьледны прынц Хамза, узаемадзейнічаў з замежнымі сіламі ў рамках змовы з мэтай дэстабілізаваць краіну і нейкі час быў пад сьледзтвам.

Раней прынц Хамза бін Гусэйн заявіў, што знаходзіцца пад хатнім арыштам. Ён таксама адпрэчыў удзел у змове і абвінаваціў лідэраў Ярданіі ў карупцыі і некампэтэнтнасьці, паведамляе Бі-Бі-Сі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Герасіменя: Магчыма, беларускім спартоўцам давядзецца выступаць на Алімпіядзе пад нэўтральным сьцягам

Шаснаццаць чалавек, у тым ліку былы дарадца караля Абдулы і яшчэ адзін член каралеўскай сямʼі, былі арыштаваныя 3 красавіка за меркаваную пагрозу бясьпецы каралеўства, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Паводле Сафадзі, замежнай выведка кантактавала з жонкай Хамзы для арганізацыі самалёта, на якім яны маглі б пакінуць Ярданію.

Маці Хамзы, каралева-ўдава Нур, выступіла ў абарону свайго сына.

«Малюся, каб праўда і справядлівасьць перамаглі для ўсіх нявінных ахвяр гэтага злоснага паклёпу», — напісала яна ў Твітэры.

Хто такі прынц Хамза?

Найстарэйшы сын нябожчыка караля Гусэйна і яго любімай жонкі каралевы Нур, прынц Хамза — выпускнік брытанскай Каралеўскай вайсковай акадэміі ў Сандгерсьце. Ён таксама наведваў Гарвардзкі ўнівэрсытэт у ЗША і служыў у ярданскіх узброеных сілах.

Ён атрымаў тытул насьледнага прынца Ярданіі ў 1999 годзе і быў улюбёнцам караля Гусэйна. Аднак ён лічыўся занадта маладым і неспрактыкаваным, каб на момант сьмерці караля Гусэйна яго назвалі пераемнікам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы пры ўезьдзе ва Ўкраіну павінны абавязкова пацьвердзіць мэту сваёй паездкі — памежная служба Ўкраіны

Замест гэтага яго старэйшы зводны брат Абдула заступіў на трон і пазбавіў Хамзу тытулу насьледнага прынца ў 2004 годзе.

Гэты крок быў расцэнены як удар па каралеве Нур, якая спадзявалася ўбачыць старэйшага сына каралём.