Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Герасіменя: Магчыма, беларускім спартоўцам давядзецца выступаць на Алімпіядзе пад нэўтральным сьцягам


Аляксандра Герасіменя

Кіраўніца Беларускага фонду спартовай салідарнасьці Аляксандра Герасіменя заявіла, што крымінальная справа супраць яе і выканаўчага дырэктара БФСС Аляксандра Апейкіна можа прывесьці да таго, што беларускім спартоўцам давядзецца выступаць на Алімпіядзе пад нэўтральным сьцягам.

«І дзеяньні НАК Беларусі, і абвінавачваньні нас ва ўсіх грахах адыграюць вялікую ролю. Магчыма нават выключэньне Нацыянальнага алімпійскага камітэту з членаў МАК. Думаю, як вынік, нашы спартоўцы паедуць на Алімпіяду пад нэўтральным сьцягам. І гэта ўжо не наша заслуга», — цытуе Tut.by словы Герасімені падчас стрыму БФСС.

Заснавальнік гандбольнага клюбу «Віцязь» Аляксандар Апейкін назваў дзеяньні ўладаў Беларусі «стрэлам сабе ў нагу».

Днямі Сьледчы камітэт паведаміў пра справу ў дачыненьні да Герасімені і Апейкіна. СК абвінаваціў іх у распаўсюджваньні хлусьлівых зьвестак

  • пра хаду і вынікі выбарчай кампаніі,
  • пра падзеі ў сацыяльнай, эканамічнай, палітычнай і культурнай сфэрах жыцьця грамадзтва,
  • а таксама ў закліках да дзеяньняў, скіраваных на шкоду нацыянальнай бясьпецы Беларусі.

Менавіта Герасіменю і Апейкіна Сьледчы камітэт лічыць адказнымі за

  • перанос зь Беларусі буйных спартовых мерапрыемстваў,
  • іміджавую і фінансавую шкоду,
  • падрыў прэстыжу краіны на міжнароднай і палітычнай арэне,
  • дыскрэдытацыю кіраўніцтва спартовай галіны і дзяржавы.

Справу завялі паводле ч. 3 арт. 361 — заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаньнем СМІ або інтэрнэту. Максымальнае пакараньне — 5 гадоў зьняволеньня.

БФСС паўстаў у жніўні 2020 году. Асноўнай задачай арганізацыя называе фінансавую, псыхалягічную, арганізацыйную і любую іншую дапамогу беларускім атлетам, якія пацярпелі ад дзеяньняў рэжыму Лукашэнкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG