Расейскі комік адхрысьціўся ад «Славянскага базару». Дырэкцыя «працуе» над такім паваротам

Міхаіл Галусьцян, архіўнае фота

Міністар культуры Анатоль Маркевіч, камэнтуючы сытуацыю зь нядопускам беларускіх артыстаў на «Эўравізію», сказаў, што сапраўдны конкурс — гэта «Славянскі базар».

Аднак выглядае, што ня ўсе запрошаныя ў Віцебск артысты, чые прозьвішчы ўжо пазначаныя ў афішах, нават абазнаныя пра свой меркаваны ўдзел у імпрэзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сапраўдны конкурс — „Славянскі базар“», — міністар культуры пра выключэньне Беларусі з «Эўравізіі»

Так, расейскі комік Міхаіл Галусьцьян катэгарычна зьняпраўдзіў сваю датычнасьць да фэстывалю.

«Хлопцы, я наогул ня ў курсе! — напісаў ён у Instagram. — Я не зьбіраўся выступаць на „Славянскім базары“. Просьба прыбраць маё прозьвішча са сьпісаў. Не дурыце народ! Усім міру!»

Скрыншоты з «Інстаграму» Міхаіла Галусьцяна

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стэндап-коміку Камісаранку, які крытыкаваў Лукашэнку, забаранілі выступаць у Менску

Партал Onliner паспрабаваў пацікавіцца ў дырэкцыі «Славянскага базару», чаму імя артыста значыцца сярод удзельнікаў урачыстага закрыцьця фэстывалю.

На што журналісты атрымалі адказ, што «камэнтароў ня будзе». Хоць там і ўдакладнілі, што юрысконсульты цяпер «працуюць з гэтай тэмай».

Раней лідэр маскоўскага гурту «Рондо» Аляксандар Іваноў зьняпраўдзіў у «Інстаграме» свой удзел у віцебскім фэстывалі, аднак празь нейкі час ягоны допіс зьнік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БТ пра дыскваліфікацыю Беларусі з Эўравізіі: «Мы выйгралі конкурс». Латушка: «Мы адабралі цацку ў дыктатара»