Грамадзкія назіральнікі пра стан Навальнага: скардзіцца на боль у назе, але ходзіць сам

Калёнія №2, Пакроў, Уладзімірская вобласьць Расеі

Сябры Грамадзкай назіральнай камісіі Уладзімірскай вобласьці Расеі наведалі апазыцыянэра Аляксея Навальнага ў калёніі пасьля таго, як стала вядома аб скаргах палітыка на болі ў сьпіне і назе.

Паводле словаў старшыні камісіі, Навальны папрасіў іх паспрыяць у атрыманьні ўколаў «Дыклафэнаку» для зьняцьця болю. Пры гэтым ходзіць апазыцыйны палітык сам. Іншых пажаданьняў ён не выказаў.

Камісія адзначыла, што заяўка зьняволенага на прэпарат афіцыйна зарэгістраваная ў мэдычнай частцы калёніі.

26 сакавіка Аляксей Навальны пацьвердзіў, што адчувае моцныя болі і што не атрымлівае належнай, на яго думку, дапамогі. Запіс ад першай асобы пра стан яго здароўя зьявіўся ў Інстаграме Навальнага. Раней аб праблемах са здароўем у Навальнага паведамлялі адвакаты. У Фэдэральнай службе выкананьня пакараньняў стан здароўя палітыка назвалі задавальняльным.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навальны пра сваё здароўе: «Ужо з ложка ўстаць балюча»