Прадстаўнік МЗС назваў рэзалюцыю Рады правоў чалавека ААН «фарсам» і «хацелкай»

Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз

Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз пракамэнтаваў рэзалюцыю Рады ААН у правах чалавека.

Камэнтуючы на просьбу агенцтва БелаПАН прынятую рэзалюцыю Рады ААН у правах чалавека, у якой асуджаюцца дзеяньні ўладаў Беларусі, прэсавы сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз назваў яе «фарсам» і «хацелкай»

«На сьвет зьявілася чарговая рэзалюцыя зь ліку тых, якія Рада ААН у правах чалавека штампуе пад ціскам асобных краін Захаду на зайздрасьць рэгулярна і пладавіта, — сказаў Глаз. — Сумна, вядома, што шэраг дзяржаў упарта спрабуе ператварыць галоўны праваабарончы орган ААН у мэханізм рэалізацыі сваіх палітычных мэтаў, якія ня маюць ані найменшага дачыненьня да правоў чалавека».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Крымінальныя суды і выракі 24 сакавіка: дызайнэру Кубараву прысудзілі 7 гадоў узмоцненага рэжыму

«Хутчэй за ўсё, мы чарговы раз сталі сьведкамі фарсу на тэму „асуджаем Беларусь“, разыгранага Эўразьвязам, які ініцыяваў рэзалюцыю і лабіяваў яе прыняцьце. Проста ЭЗ каторы ўжо раз захацелася расказаць нам, беларусам, як нам жыць у сваёй краіне, — заявіў прэсавы сакратар МЗС. — Мы дакладна абыдземся без такіх павучаньняў. А новую „хацелку“ ЭЗ у выглядзе сьвежай рэзалюцыі РПЧ ААН напаткае тая ж доля, што і мандат спэцыяльнага дакладчыка РПЧ па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі — нікому, акрамя сваіх гаспадароў, яна ня будзе патрэбная».

  • Прынятая сёньня рэзалюцыя Рады правоў чалавека ААН патрабуе ад уладаў Беларусі забясьпечыць правядзеньне свабодных і справядлівых выбараў.
  • Рада асудзіла «грубыя парушэньні правоў чалавека ў Беларусі ў сувязі з прэзыдэнцкімі выбарамі 2020 году, у тым ліку сыстэматычную адмову ў правах чалавека і асноўных свабодах, адвольныя затрыманьні і арышты членаў апазыцыі, журналістаў і работнікаў СМІ, праваабаронцаў і грамадзян у цэлым за ажыцьцяўленьне імі правоў чалавека і асноўных свабодаў, а таксама пакараньні ў выглядзе пазбаўленьня волі, прызначаныя работнікам сродкаў масавай інфармацыі за выкананьне імі сваіх прафэсійных абавязкаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рада правоў чалавека ААН прыняла рэзалюцыю ў справе Беларусі