На Беларускай АЭС завяршылі зборку рэактара другога энэргаблёку

Расатам

Другі энэргаблёк гатовы на 80%. Неўзабаве пачнецца яго халодна-гарачая выпрабаваньне.

На Беларускай АЭС завяршылі зборку рэактара другога энэргаблёку, паведаміў сайт інжынэрнага дывізіёну расейскай дзяржаўнай карпарацыі «Росатом», якая выступае генэральным праектавальнікам і генпадрадчыкам у пабудове станцыі.

Працэс зборкі ўключаў усталяваньне ўнутрыкорпусных элемэнтаў, загрузку ў рэактар імітатараў цеплавыдзяляльных зборак, усталяваньне блёку ахоўных трубаў і верхняга блёку — вечка рэактара.

На блёку ўсё гатова для правядзеньня этапу халодна-гарачага выпрабаваньня. У найбліжэйшыя дні спэцыялісты пачнуць запаўняць першы контур энэргаблёку хімічна абяссоленай вадой. Пасьля атрыманьня неабходных дазволаў яны пачнуць асноўныя выпрабаваньні, папярэднюю гарачую абкатку другога блёку.

Затым блёк будзе гатовы да фізычнага пуску, які пачнецца з загрузкі сьвежага ядзернага паліва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Другі энэргаблёк Беларускай АЭС зьбіраюцца запусьціць да канца году

Беларуская АЭС месьціцца блізу Астраўца ў Горадзенскай вобласьці, каля мяжы зь Літвой. Узводзяць яе пераважна за кошт расейскага крэдыту і па расейскім жа праекце ВВЭР-1200. Першы блёк гатовы на 99%, другі — на 80%.

Выпрацоўка электраэнэргіі на першым блёку БелАЭС пачалася 3 лістапада мінулага году, цяпер ідзе пэрыяд яго досьледна-прамысловай эксплюатацыі. Першы блёк плянуецца ўвесьці ў камэрцыйную эксплюатацыю ўвесну 2021, другі — у першай палове 2022 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Побач з Астравецкай АЭС павысіўся радыяцыйны фон. Наколькі сур’ёзна і чаму?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Літвы выступіў у парлямэнце Ўкраіны. Што ён сказаў пра ўкраінскую мову, князя Астроскага і БелАЭС