«Зробім усё дзеля падтрыманьня парадку». Міліцыя рыхтуецца да 25 сакавіка

Аўтазакі ў Менску, архіўнае фота.

Менская міліцыя заявіла пра «гатоўнасьць забясьпечыць парадак у сталіцы», нягледзячы на заклікі да ўдзелу ў «несанкцыянаваных акцыях» 25 сакавіка.

23 сакавіка заяўнікі Дня Волі атрымалі адмову ад менскіх уладаў на правядзеньне шэсьця і мітынгу ў гонар 103-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Сярод аргумэнтаў названыя пандэмія каранавірусу, небясьпечны маршрут і заклікі з боку экстрэмісцкіх каналаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады адмовілі заяўнікам сьвяткаваньня Дня Волі ў Менску

У сваю чаргу начальнік ГУУС Менгарвыканкаму Міхаіл Грыб падчас сустрэчы з прадстаўнікамі дзяржаўных СМІ заклікаў менчукоў «устрымацца ад удзелу ў акцыях».

«Пры вывучэньні інфармацыйных рэсурсаў мы атрымліваем інфармацыю аб закліках у розных Telegram-каналах да ўдзелу 25 сакавіка ў несанкцыянаваных акцыях на тэрыторыі сталіцы. Асноўная мэта правакатараў — дэстабілізацыя абстаноўкі ў горадзе, ініцыяваньне сутыкненьняў з супрацоўнікамі міліцыі», — адзначыў міліцэйскі начальнік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менскія камунальнікі і міліцыя адмовіліся заключаць дамовы з арганізатарамі Дня Волі

Ён запэўніў, што сілавыя падразьдзяленьні і іншыя службы задзейнічаюць усе неабходныя меры «для падтрыманьня парадку».

Паводле інфармацыі ад жыхароў, якія публікуе тэлеграм-канал «МотолькоПомоги», старшыня Менгарвыканкаму Ўладзімер Кухараў загадаў камунальным службам расставіць агароджу ў цэнтральнай частцы гораду.