У горадзе Боўлдэр у штаце Каларада ад страляніны ў супэрмаркеце загінулі ня менш за 10 чалавек, у тым ліку адзін паліцыянт.
Як паведаміла мясцовая паліцыя, падазраванага ўзялі пад варту. Амэрыканскія тэлеканалы паказалі кадры, на якіх відаць, як паліцыянты выводзяць з будынка супэрмаркета аголенага па пояс чалавека з акрываўленай нагой.
Інфармацыі пра матывы нападніка пакуль няма.
Гэта ўжо другі выпадак масавага забойства ў ЗША за тыдзень. У мінулы аўторак у трох масажных салёнах у Атланце ў штаце Джорджыя за кароткі прамежак часу забілі восем чалавек. Сярод ахвяраў нападаў 7 жанчын, 6 зь іх азіяцкага паходжаньня. Нападнік — 21-гадовы белы мужчына. Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн асудзіў гвалт і нянавісьць на расавай глебе ў дачыненьні да жыхароў Злучаных Штатаў азіяцкага паходжаньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У амэрыканскім штаце Джорджыя застрэлілі восем чалавек