Праваабаронцы прызналі палітзьняволенымі Вольгу Завадзкую і Міхаіла Беркаса

Ілюстрацыйнае фота

Яшчэ двое грамадзянаў Беларусі прызнаныя палітычнымі зьняволенымі. Гэта Вольга Завадзкая зь Берасьця і Міхаіл Беркас з Воршы.

Пра гэта гаворыцца ў супольнай заяве беларускіх праваабарончых арганізацый, апублікаванай на сайце праваабарончага цэнтру «Вясна». На 22 сакавіка беларускія праваабаронцы прызналі палітвязьнямі ўжо 288 чалавек.

Берасьцейка Вольга Завадзкая была пакараная хатнім арыштам за тое, што разам зь іншымі грамадзянамі 23 кастрычніка 2020 году вырабіла пудзіла, «прадстаўляючы яго перад грамадзкасьцю як прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, далучыўшы да яго два аркушы паперы, на якіх нявыяўленая асоба ўчыніла надпіс “скраў галасы” і “асудзіў невінаватых”, разам зь іншымі асобамі вывесіла пудзіла на дрэве на ўчастку мясцовасьці па Варшаўскай шашы, тым самым выставіўшы пудзіла на агляд нявызначанаму колу асобаў».

Суд кваліфікаваў гэта як хуліганства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лідэру сацыял-дэмакратаў Ігару Барысаву прысудзілі 15 сутак нібыта за «непадпарадкаваньне»

Жыхар Воршы Міхаіл Беркас нанёс некалькі графіці («Жыве Беларусь», «3%» і г. д.) на будынках у аршанскім мікрараёне Заходняя. Так, графіці, якія мелі пратэставы характар, былі намаляваныя на краме, «табакерцы», на будынку дома састарэлых, кантэйнэрах для збору сьмецьця і на некаторых іншых аб’ектах гораду. Паводле абвінавачаньня, сваімі дзеяньнямі абвінавачаны пашкодзіў згаданыя аб’екты, што выявілася «ў зьніжэньні іх эстэтычных характарыстык шляхам пашкоджаньня ахоўна-дэкаратыўнага пакрыцьця”, і “нанёс матэрыяльную шкоду іх уладальнікам на суму 583 рублі 57 капеек».

Суд прысудзіў Міхаілу Беркасу адзін месяц арышту за «апаганьваньне збудаваньняў і псаваньне маёмасьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень 2020 – сакавік 2021. Мы сьведкі. „Яны разглядалі маю рану і захапляліся тым, як куля разарвала тканкі“. АБНАЎЛЯЕЦЦА