Курс турэцкай валюты рэзка ўпаў пасьля звальненьня кіраўніка мясцовага Цэнтрабанку

Турэцкая ліра

Старшыню Цэнтрабанку 19 сакавіка звольніў прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган. Інвэстары баяцца далейшага палітычнага ўмяшаньня ў грашова-крэдытную палітыку.

Курс турэцкай ліры ўпаў на 17% адносна даляра пасьля таго, як прэзыдэнт краіны Рэджэп Эрдаган звольніў старшыню Цэнтральнага банку краіны. У нядзелю газэта Financial Times паведамляла пра падзеньне курсу на 14%, але ранкам панядзелка зьніжэньне працягнулася, піша ўкраінская служба Радыё Свабода са спасылкай на турэцкія СМІ.

У пачатку таргоў 22 сакавіка ў Азіі турэцкая валюта была ўжо на ўзроўні рэкордна мінімальнага курсу — 8,36 ліры за 1 даляр (у параўнаньні з 7,21 у канцы мінулага тыдня). Такі спад пагражае маштабным крызісам у валюце і плацежным балянсе, бо некаторыя мясцовыя банкі ўжо прыпынілі абмен валюты і золата.

Эрдаган звольніў старшыню Цэнтральнага банку Наджы Агбала ўвечары 19 сакавіка, прызначыўшы на пасаду колішняга міністра фінансаў Шахапа Каўджыоглу. Гэта выклікала занепакоенасьць інвэстараў з нагоды палітычнага ўмяшаньня ў грашова-крэдытную палітыку.

Невядома, што стала прычынай рашэньня, але Эрдаган прыняў яго на наступны дзень пасьля таго, як Цэнтрабанк рэзка павысіў ключавую працэнтную стаўку — трэці раз за пяць месяцаў, з 17% да 19%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эрдаган падпісаў указ аб выхадзе Турэччыны з Канвэнцыі аб абароне жанчын ад гвалту

Фінансавыя рынкі станоўча адрэагавалі на рост працэнтных ставак, але гэта супярэчыць пункту гледжаньня Эрдагана аб тым, што больш высокія працэнтныя стаўкі выклікаюць інфляцыю. У той час як амаль усе эканамісты сходзяцца ў думцы, што павышэньне працэнтных ставак запавольвае інфляцыю.

Слабасьць ліры можа пагоршыць інфляцыю, бо Турэччына залежыць ад імпарту энэргіі і тавараў па цэнах у далярах для свайго прамысловага сэктару.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Першая скрыпка пратэстаў». Сьпявачка зьехала ад перасьледу ў Стамбул і працягвае там беларускую справу
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Недатыкальны запас». Як Лукашэнка прызнаў, што існуе пазабюджэтны «прэзыдэнцкі фонд» і што гэта такое