Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эрдаган падпісаў указ аб выхадзе Турэччыны з Канвэнцыі аб абароне жанчын ад гвалту


Турэцкія жанчыны на акцыі пратэсту супраць гвалту
Турэцкія жанчыны на акцыі пратэсту супраць гвалту

Рада Эўропы рэзка раскрытыкавала рашэньне Турэччыны выйсьці з Канвэнцыі аб барацьбе з гвалтам у адносінах да жанчын. Генэральны сакратар Рады Эўропы Марыя Пэйчынавіч-Бурыч 20 сакавіка назвала рашэньне ўладаў Турэччыны «катастрафічнай навіной».

Паводле яе, такі крок пагражае справе абароны жанчын у Турэччыне, у іншых краінах Эўропы і за яе межамі.

Публікацыя ўказу турэцкага прэзыдэнта Рэджэпа Таіпа Эрдагана аб выхадзе Турэччыны з Канвэнцыі Рады Эўропы аб барацьбе з гвалтам у адносінах да жанчын зьявілася ў суботу ў афіцыйным урадавым бюлетэні Resmi Gazete.

Прэзыдэнт Рэджэп Таіп Эрдаган летась апавясьціў іншыя краіны пра намер Анкары выйсьці з Канвэнцыі. Тады апазыцыйная Народна-рэспубліканская партыя заявіла, што адмова ўраду Турэччыны выконваць абавязаньні абараняць жанчын ад гвалту азначае, што яны «застануцца грамадзянамі другога гатунку».

Мэр Стамбулу, прадстаўнік Народна-рэспубліканскай партыі Экрэм Імамаглу заявіў, што ўказ Эрдагана выклікае горыч. Праваабаронцы Турэччыны заклікалі да дэманстрацый у знак пратэсту супраць выхаду краіны зь міжнароднага пагадненьня, паведаміла «Deutsche Welle».

Віцэ-прэзыдэнт Турэччыны Фуат Актай заявіў, што барацьба за абарону правоў жанчын у краіне будзе працягнутая.

«Наша шчырая барацьба за тое, каб давесьці становішча турэцкай жанчыны ў грамадзтве да ўзроўню, якога яна вартая, будзе працягнутая пры захаваньні нашых традыцыйных каштоўнасьцяў. Няма неабходнасьці шукаць лекі звонку, пераймаць іншых для гэтай вышэйшай мэты. Рашэньне ёсьць у нашых традыцыях і звычаях», — напісаў Актай ў Twitter.

  • Канвэнцыя Рады Эўропы аб папярэджаньні і барацьбе з гвалтам у адносінах да жанчын і хатнім гвалтам была ўхваленая ў Стамбуле ўсімі 47 дзяржавамі — удзельніцамі РЭ 11 траўня 2011 году. Дакумэнт стаў першым эўрапейскім пагадненьнем, накіраваным на барацьбу з гвалтам над жанчынамі і хатнім гвалтам. У канвэнцыі сфармуляваныя мінімальныя стандарты прадухіленьня гвалту, забесьпячэньня абароны і крымінальнага перасьледу.
  • Канвэнцыю ратыфікавалі і падпісалі 34 краіны, яшчэ 11 падпісалі, але не ратыфікавалі. Турэччына першай ратыфікавала пагадненьне вясной 2012-га.
  • Рада Эўропы — міжнародная арганізацыя, якая спрыяе супрацоўніцтву паміж яе членамі, дзяржавамі і краінамі Эўропы ў галіне стандартаў права, правоў чалавека, дэмакратычнага разьвіцьця, законнасьці і культурнага ўзаемадзеяньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG