Раніцай 18 сакавіка сапсаваўся разьмеркавальны пункт на заводзкай падстанцыі, якая сілкуе большую частку горада, у тым ліку і водазабор «Паўночны», піша Ex-press.by.
Сьпярша з кранаў у дамах і кватэрах пацякла брудная жыжа, а пасьля зьнікла і яна. 60-тысячны горад застаўся без вады. Жыхары кажуць, што часткова зьнікала і электрычнасьць.
Арганізавалі падвоз аўтацыстэрнамі, але вада хутка заканчваецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На поўначы Менска зноў праблемы з вадой, улады падагналі цыстэрныГалоўны санітарны лекар Жодзіна Сяргей Канавалаў накіраваў дырэктару камбіната грамадзкага харчаваньня Яўгену Лобану ліст з пазнакай «тэрмінова».
Рэкамэндуецца забясьпечыць пітной бутыляванай вадой найперш установы адукацыі, аб’екты харчаваньня і гандлю — як для піцьця, так і для гатаваньня ежы. Карыстаньне цэнтралізаванымі сеткамі водазабесьпячэньня не рэкамэндавана да моманту атрыманьня здавальняючых вынікаў лябараторных дасьледаваньняў узятых пробаў.
Пакуль ліквідуюць аварыю, з суседняга Барысава абяцаюць даставіць магутны дызэль-генэратар для аднаўленьня водазабору.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Такую паломку, як на водаправодзе ў Новай Баравой, рамантуюць 1,5–2 гадзіны, ня трое сутак — спэцыялістыДнямі на якасьць вады наракалі жыхары менскага мікрараёну Зялёны Луг, была арганізаваная аварыйная дастаўка. Летась у лістападзе некалькі дзён ад воднай блякады цярпела пратэставая Новая Баравая, а затым і Савецкі раён сталіцы.
А да таго ў чэрвені з аналягічнай праблемай сутыкнуліся дзясяткі тысяч менчукоў. Праз аварыю на «Менгарводаканале» некалькі дзён безь пітной вады заставаліся жыхары Фрунзэнскага і Маскоўскага раёнаў.