У Брытаніі першую дозу вакцыны атрымалі 25 мільёнаў чалавек

У Вялікай Брытаніі звыш 25 мільёнаў чалавек атрымалі першую дозу вакцыны супраць COVID-19, паведамляе Reuters са спасылкай на дадзеныя уладаў. Такіх вынікаў ім удалося дамагчыся праз 100 дзён пасьля таго, як першы жыхар краіны атрымаў прышчэпку.

Прэм’ер-міністар краіны Борыс Джонсан назваў гэта «неймаверным дасягненьнем», якое дазваляе «асьцярожна адкрыць грамадзтва».

Укараненьне вакцыны ў Злучаным Каралеўстве стартавала 8 сьнежня. 90-гадовая брытанка Маргарэт Кінан стала першым у сьвеце чалавекам, які атрымаў прэпарат Pfizer за межамі клінічных выпрабаваньняў.

Як і ў астатніх краінах Захаду, у Брытаніі чарговасьць атрыманьня вакцыны вызначаецца ступеньню ўразьлівасьці: у першую чаргу прышчэпкі зрабілі пажылым, людзям з групы рызыкі, а таксама мэдыкам, і толькі потым перайшлі да прадстаўнікоў маладзейшага пакаленьня. На цяперашні час 25,2 мільёна брытанцаў атрымалі першыя дозы Pfizer альбо AstraZeneca, а звыш 1,7 мільёна чалавек — абедзьве дозы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус: ва Ўкраіне зафіксавалі максымальную колькасьць сьмерцяў за дзень. Агляд навінаў пандэміі ў сьвеце

Тэмпы вакцынацыі ў Брытаніі, якая нядаўна пакінула Эўразьвяз, сьведчаць пра ашаламляльны кантраст з краінамі ЭЗ, дзе прышчапілі каля 10 адсоткаў насельніцтва і нават менш. Там адбываюцца затрымкі з пастаўкамі прэпаратаў, а таксама спыняюць прымяненьне AstraZeneca насуперак рэкамэндацыям САЗ і шэрагу нацыянальных мэдычных структур.

Праблема паўстала яшчэ і з той прычыны, што органы рэгуляваньня ЭЗ у цэлым зацягнулі працэс ухваленьня вакцын: Pfizer — першы з ухваленых прэпаратаў — атрымала «зялёнае сьвятло» ад Эўрапейскага агенцтва лекавых сродкаў у канцы сьнежня 2020 году, гэта значыць амаль на тры тыдні пазьней, чым гэта адбылося ў Злучаным Каралеўстве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Усе спадзяваліся на вакцыну ад каранавірусу. Чаму вакцынацыя ідзе так павольна

Кіраўнік Эўрапейскай камісіі Урсуля фон дэр Ляен на прэс-канфэрэнцыі ў Бруселі заявіла пра пагаршэньне сытуацыі з COVID-19 у ЭЗ, зьвязаўшы гэта менавіта з запаволенымі тэмпамі прымяненьня вакцын. Улады ЭЗ спадзяюцца дамагчыся паскарэньня да другога кварталу, калі пастаўшчыкі вакцын, як чакаецца, здолеюць нарасьціць вытворчасьць і выйсьці на заплянаваныя паказьнікі. Падставы для надзеі ёсьць: у апошнія тыдні хуткасьць вакцынацыі на эўрапейскім кантынэнце ўзрасла.

Пра тое, што ЭЗ мог дапусьціць памылкі пры забесьпячэньні вакцынацыі насельніцтва краін-сяброў ад каранавіруснай інфэкцыі, на днях прызнаў і намесьнік старшыні Эўракамісіі Франс Тымэрманс. У той жа час ён прапанаваў дачакацца заканчэньня эпідэміі, каб можна было зрабіць канчатковыя высновы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навукоўцы здагадаліся, адкуль бяруцца новыя варыянты каранавірусу