«Пошту ўзламалі, рассылаюць дурныя лісты». Давыдзька пра ініцыятыву «адстаўкі Лукашэнкі»

Генадзь Даыдзька на суботніку ў Курапатах, 2018 год

17 сакавіка незалежныя мэдыя атрымалі ліст ад дэпутата Палаты прадстаўнікоў, кіраўніка праўладнага аб’яднаньня «Белая Русь» Генадзя Давыдзькі, у якім ён заклікае парлямэнтароў датэрмінова вызваліць Аляксандра Лукашэнку ад пасады.

У камэнтары парталу Tut.by Генадзь Давыдзька заявіў, што ягоную пошту ўзламалі і цяпер рассылаюць «дурныя лісты».

«Як дэпутат і грамадзянін я не магу спакойна глядзець на тое, што адбываецца ў краіне. Бачу, што жыцьцё ў Беларусі, на мой глыбокі жаль, пагаршаецца. І як бы я ні падтрымліваў Аляксандра Рыгоравіча, вымушаны прызнаць: краіна рухаецца не туды. Таму заклікаю сваіх калег па Палаце прадстаўнікоў датэрмінова вызваліць Аляксандра Лукашэнку ад пасады», — гаворыцца ў лісьце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Краіна расколваецца, а Лукашэнка — гарант незалежнасьці. Як Давыдзька адказваў на пытаньні менчукоў, якія хочуць яго адклікаць

Ад ягонага імя ўдакладняецца, што ўжо ініцыявана стварэньне адмысловай камісіі, якая «зробіць заключэньне аб няздольнасьці Лукашэнкі ажыцьцяўляць абавязкі прэзыдэнта», а таксама накіраваны ліст у Сьледчы камітэт.

«Хтосьці ўзламаў пошту і ад майго імя рассылае гэтыя дурныя лісты. Вам, магчыма, гэта падабаецца, таму што палітыка вашага рэсурсу накіравана на зьвяржэньне дзяржаўнай улады. Але я адказваю, як ёсьць на самой справе: натуральна, я такога ліста не рабіў», — сказаў Генадзь Давыдзька ў размове з Tut.by.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Давыдзька заклікаў «адваяваць інтэрнэт у ворагаў». Разьбіраемся, хто яго «акупаваў»

У Палаце прадстаўнікоў журналістам таксама сказалі, што згаданы ліст — фэйк і абсурд, ні пра якую камісію пытаньне не ўздымалася.