Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За адкліканьне дэпутата Гайдукевіча сабралі 700 подпісаў, Але не дапамагло


Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Гайдукевіч
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Гайдукевіч

Выбарцы Каліноўскай выбарчай акругі № 108 сабралі 700 подпісаў пад лістом аб тым, што «страцілі давер да дэпутата Гайдукевіча». Людзі лічаць, што «дэпутат бязьдзейнічаў і не абараніў інтарэсы выбарцаў».

700 подпісаў за 1,5 дня — столькі сабралі выбарцы Каліноўскай выбарчай акругі № 108, каб адклікаць дэпутата Палаты прадстаўнікоў Алега Гайдукевіча. Ён спачатку абвясьціў быў пра свой удзел у выбарах прэзыдэнта Беларусі, пасьля зьняўся з выбараў і стаў даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі.

Як расказала Свабодзе жыхарка Каліноўскай выбарчай акругі № 108 Тацяна, на думку падпісантаў звароту, «Гайдукевічам быў зроблены шэраг дзеяньняў, якія дыскрэдытуюць яго як дэпутата Палаты прадстаўнікоў, і таму выбарцы страцілі да яго давер».

Паводле аўтараў звароту, Алег Гайдукевіч не адрэагаваў на факты парушэньняў падчас прэзыдэнцкіх выбараў, а таксама на факты гвалту і бесчалавечнага стаўленьня да затрыманых пасьля выбараў.

«Нягледзячы на шырокія меры па забесьпячэньні правоў, свабод і законных інтарэсаў выбаршчыкаў, прадстаўленых заканадаўствам дэпутату Палаты прадстаўнікоў, Гайдукевіч не накіраваў неабходных зваротаў да ўпаўнаважаных службовых асоб, не скарыстаўся сваім правам першачарговага прыёму, правам доступу ў дзяржаўныя органы, не прыняў удзел у шматлікіх беспадстаўных праверках камэрцыйных арганізацый, якія праводзяцца за апошні час органамі дзяржаўнага кантролю, не накіраваў прадстаўленьне службовым асобам праваахоўных або кантралюючых (наглядных) органаў па шматлікіх фактах гвалту, ужытага ў дачыненьні да грамадзян Беларусі», — адзначаюць аўтары звароту.

Пры гэтым аўтары звароту зважаюць, што Алег Гайдукевіч ужо абвясьціў пра стварэньне Народна-патрыятычнага руху Беларусі. На іх думку, «сапраўдныя мэты Гайдукевіча — актывізацыя прарасейскага элемэнта ў палітыцы з рызыкай страты сувэрэнітэту для Беларусі».

«Прапанову адхіліць»

У прэзыдыюме Менскага гарадзкога савету дэпутатаў, куды па працэдуры накіроўваецца зварот аб сходзе з мэтай адкліканьня дэпутата, жыхарам Каліноўскай выбарчай акругі № 108 адмовілі ў такім сходзе.

«Дэпутацкія паўнамоцтвы не даюць права ўмешвацца ў дзейнасьць праваахоўных органаў і даваць ім ацэнку», — гаворыцца ў адказе.

Такім чынам, у прэзыдыюме Менскага гарадзкога савету палічылі недастатковымі шматлікія прэтэнзіі грамадзян да дэпутата і не прызначылі нават сход зь ягоным удзелам. Выбарцы гэтай выбарчай акругі плянуюць абскардзіць рашэньне Менскага гарадзкога савету дэпутатаў праз суд.

Гайдукевіч: Я з 9 жніўня не маўчу

Як сказаў Свабодзе Алег Гайдукевіч, ён правёў асабістую сустрэчу з ініцыятыўнай групай па зборы подпісаў. Такая сустрэча сапраўды была, але гэта ня сход з удзелам дэпутата.

Алег Гайдукевіч
Алег Гайдукевіч

«Я гатовы адстойваць інтарэсы і тых выбарцаў, хто за мяне галасаваў, і тых, хто хоча мяне адклікаць. Я апэратыўна гатовы адказаць на ўсе пытаньні. Правесьці яшчэ адну сустрэчу. Што тычыцца гвалту, мы на адным зь імі баку. Я з 9 жніўня не маўчу, я дапамагаў людзям, мяне нельга абвінаваціць у тым, што я маўчу. Фармат сустрэчы, на мой погляд, варта рабіць з прадстаўнікамі ініцыятыўных груп. Я адзін зь першых, хто сустрэўся з ініцыятыўнай групай, якая хацела мяне адклікаць», — сказаў Гайдукевіч.

І выказаўся за адмену працэдуры адкліканьня дэпутатаў, а таксама за зьмену выбарчай сыстэмы, каб дэпутатаў абіралі па партыйных сьпісах. Дагэтуль на сустрэчы з выбарцамі сваёй акругі Алег Гайдукевіч заяўляў, што «не баіцца свайго адкліканьня, бо ўпэўнены ў сваіх выбарцах».

Таксама жыхары Каліноўскай выбарчай акругі № 108 накіравалі подпісы за правядзеньне сходу з дэпутатам Менскага гарадзкога савету Вячаславам Кузьняцовым і за яго адкліканьне. Менскі гарадзкі савет даў такі ж адказ, як і пра Гайдукевіча, як пад капірку. У тэксьце адказу ў адным месцы нават напісалі прозьвішча дэпутата Камароўскага замест Кузьняцова.

Раней сходы з выбарцамі правялі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Генадзь Давыдзька і Валерый Варанецкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG