У Горадні затрымлівалі незалежнага журналіста Яна Романа, дома правялі ператрус

Журналіст Ян Роман.

Сілавікі затрымалі Яна Романа проста на вуліцы. Пасьля ператрусу ў кватэры і допыту яго адпусьцілі.

Раніцай тэлеканалу «Белсат» пра затрыманьне Яна Романа паведаміў ягоны сын Аляксандар. Адразу была інфармацыя, што яго адвезьлі ў Ленінскі РАУС Горадні. Пазьней сын Романа паведаміў, што дазваніўся ў Ленінскі РАУС Горадні, але яму сказалі, што туды бацьку сёньня не прывозілі.

А 1.7.50 стала вядома, што Яна Романа выпусьцілі. Падрабязнасьцяў пакуль няма.

Дома ў Яна Романа адбыўся агляд, забралі ноўтбук і тэлефон. Як расказаў ягоны сын, супрацоўнікі сказалі, што Ян Роман нібыта плаціў за кагосьці штраф за ўдзел у акцыях пратэсту. Калегі Яна Романа паведамілі, што яго затрымлівалі супрацоўнікі аддзелу па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі.

Ян Роман зьяўляецца незалежным журналістам-фрылансэрам. Робіць перадачы пра гісторыю і культуру. Сябра «Беларускай асацыяцыі журналістаў». 10 жніўня яго пабілі каля Кастрычніцкага РАУС Горадні, куды ён прыехаць сустрэць чатырох калег. Міліцыянты ў цывільным выбілі яму чатыры зубы, зламалі руку, ён некалькі месяцаў хадзіў у гіпсе. Праз суткі знаходжаньня ў ізалятары Яна Романа выпусьцілі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадні затрымалі некалькі чалавек, якія прыйшлі да ізалятара
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён змагаўся за праўду». Чым вядомы Дзяніс Івашын, якога затрымаў КДБ, і пры чым тут Украіна
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканскі дыплямат: «Ігар Лосік павінен быць неадкладна вызвалены»